АРТЭК
Іранічная
аповесць
Ахвярую артэкаўцы Вользе Сокал з горада Арла і Яўгену Вапу з Беласточчыны
Ты пытаешся пра піянерскі самы вялікі ў свеце лагер Артэк? Калі ласка...
Пуцёўку ў крымскі летнік прынёс бацька. Звычайна маім прыладкаваннем падчас вакацый займалася маці. Яна працавала ў бібліятэцы будаўнічага трэста № 4, а на той час у пралетарскіх канторах канцэнтраваліся выгоды кшталту пуцёвак на спартовыя базы дый турыстычныя цягнікі. А тут нечакана, як снег на галаву ў чэрвені: “Адам, ты паедзеш у жніўні ў Артэк!”. У падтэксце, пра які так любілі разважаць у пачатку 70‑х гадоў, чыталася: радуйся, сын, бо мала каму шанцуе адпачыць у найзнакаміцейшым лагеры, куды збіраюцца найлепшыя з найлепшых з усяго зямнога шара. А мая душа мінскага сямікласніка сцялася ад сполаху, бо я ж ніколі не быў найлепшы нават у сваёй вельмі сярэдняй школцы 9, нават у сваім адным з найгоршых 6‑м “В”. Скажу так, я быў хранічны харашыст, які мужна змагаўся з тройкамі. А ў Артэку, хто не ведаў, дастойныя з дастойных, разумныя з найразумнейшых, найспрытнейшыя з суперспрытных, нешта накшталт алімпійцаў. Менавіта так пісалася, гаварылася і паказвалася ў газетах і часопісах, на радыё і ў тэлевізары. І я не хацеў выглядаць на разумова непаўнавартаснага.
Вось так, у страху і сумневах — ехаць ці не ехаць — прайшлі два месяцы чакання. Спалох мой выпарыўся, нібыта шаптуха загаварыла, каля змрочнага будынка ЦК ЛКСМБ, як толькі пабачыў тых, з кім давядзецца разам ехаць на паўвыспу Крым. Звычайныя мінскія мамчыны дачушкі і сынкі стаялі з бацькамі, а да іх ног туліліся, не раўнуючы сабакі, яркія валізкі. Было гадзін 11 вечара, сцямнела, нас — будучых артэкаўцаў — пашнуравалі па двое і павялі на вакзал. У цемры мы нагадвалі калону палонных.
У цягніку Мінск—Сімферопаль выдалі сухі паёк: печыва, хлеб, цукеркі ды кансароўку з свіной тушанінай, адну на траіх. Першы ўзяўся есці з бляшанкі вісланосы Міхась з Нясвіжа. Пакуль астатнія пазіралі ў акно і запівалі цеплаватай гарбатай чэрствы хлеб, нясвіжскі Міхась выеў з кансароўкі ўсё чыста мяса і сказаў, што такая трапілася бляшанка — адно сала, адзін тлушч. Кемліваму нясвіжскаму піянеру натаўклі ў каршэль, але ж мяса не вярнулі.
Не ведаю, як у каго, а ў мяне першыя лагерныя дні праходзілі заўсёды пад шарым і халодным крылом голаду. Як найкаштоўнейшы талісман я насіў у нагруднай кішэні лусту чорнага сухара, а калі клаўся спаць, дык хаваў хлеб пад падушку, загарнуўшы ў кашулю, каб не раскрышыўся.
З лустай чорнага хлеба ў кішэні я даехаў ажно да артэкаўскай лазні, а там давялося паціху яе выкінуць, бо хударлявы маладзён, апрануты ў гарчычную паўвайсковую форму, загадаў распрануцца дагала і скласці ўсе рэчы ў мех, які знеслі ў камеру захоўвання ажно на два доўгія месяцы. На мне засталіся адно шкарпэткі і сандалі, а ў цэлафанавым пакеціку, прыціснутым да пэўнага органа, былі толькі мыла, зубная паста, шчотачка дый кеды з запаснымі шкарпэткамі. У правым кедзе хаваўся вацок з чырвонцам. Зразумела, што ў другі вольны кед я мог засунуць сухую лустачку хлеба, але ўяўны сорам не дазволіў. Знойдуць, і пачнецца... Вы што, з галоднага краю да нас прыехалі? Гэта вас бацькі навучылі хлеб у абутку хаваць? Карацей, я не пашкадаваў, што выкінуў харч, бо аглядалі вельмі ўважліва: і ў валасах вошы шукалі, і між пальцаў — каросту, і нават клубы рассоўвалі і ў дупу зазіралі... Ад чаго я пачырванеў і заікаўся, калі надыктоўваў доктарцы ў акулярах уласныя даныя.
З доктарскага кабінета доўгім калідорам давялося шыбаваць у душ, дзе ўжо назбіралася чалавек трыццаць голых хлопцаў і дзе адсутнічала гарачая вада. З віскатам, ровам і рогатам кожны па чарзе ўскокваў пад ледзяныя струмені, а ўсе астатнія заходзіліся ад смеху, нібыта ў апякальна-сцюдзёным душы і ў курчах пад ім ёсць нешта вясёлае.
З душа было загадана ісці ў даўжэзны пакой, пасярод якога цягнулася даўжэзная лава, на ёй гурбілася форма: шорты, майкі, трусы, кашулі і пілоткі. Я ніколі не бачыў у сапраўднасці, як дзікуны нападаюць на маманта, толькі ў амерыканска-ангельскім фільме “Мільён гадоў да нашай эры”, а яшчэ ў дакументальнай стужцы мяне ўразіла сцэна нападу гіенаў на льва. Нізказадыя, тупарылыя, лапавухія сабакі раздзіралі на шматкі старога цара звяроў. Нешта падобнае адбылося з дзяльбою формы. Трэба ж было ўадначассе схапіць майку, пачаць яе апранаць, бегчы ўздоўж лавы да гурбы трусоў, хапаць, усцягваць, прасоўвацца, прадзірацца да кашуль, намячаючы шлях да шортаў і пілотак. Тое самае рабіла яшчэ трыццаць найспрытнейшых з усіх спрытных. Пэўна ж, скончылася б бойкай, калі б хударлявы маладзён не ўскочыў у доўгі пакой і не зароў, не раўнуючы паранены гіпапатам: “Ста-а-аяць! Ма-а-аўчаць!”
Як равуць гіпапатамы, мне давялося чуць у перасоўным заацырку. І скажу, што страшна яны равуць. У Мінск прывезлі перасоўны звярынец, была там і гіпапатамава самка, што цэлымі днямі сядзела ў вялізнай балеі. Гіпапатамы любяць ваду і балота. Але ніхто ж і думаць не думаў, што 1 кастрычніка ляснуць маразы. Вада ў балеі вымерзла, а самка гіпапатама прымерзла да жалезнае сценкі. Як яна раўла! Яе бок, ададраны ад балеі, быў пяшчотна ружовы, як чыстае неба марознага ранку. А яе густы рык выкочваўся з самых глыбіняў вялізнага чэрава, і не было яму ні канца, ні краю.
Адкуль у хударлявым маладзёне ўзяўся звярыны рык, я не высвятляў. Я скамянеў, сказаўшы самому сабе чароўнае слова “замры”. На мне ўжо былі: майка даволі нармалёвая, трусы амаль да каленяў, шорты, удвая меншыя за трусы, і кашуля невядомага памеру, бо трымаў я яе разам з вісланосым Міхасём з Нясвіжа. Ён за рукаво, а я за каўнер. Маладзён у форме прымусіў нас зняць усе апранахі і скласці зноў на лаву, а потым выдаў кожнаму больш-менш адпаведныя памеры.
У артэкаўскай лазні я ўсё ж прамучыўся недарма, бо зрабіў для сябе геніяльнае адкрыццё: вопратку, асабліва форму, трэба браць на памер большую. У такой, крыху завелікаватай (затое нідзе не цісне і не рэжа) форме давялося з гадзіну прасядзець каля лазні ў начным скверыку на лаўцы, пакуль пульхная важатая не загадала пайсці за ёю.
Стомлены за два дні дарогі, я ледзь валокся за вельмі загарэлай жанчынкаю з доўгім, падобным да жолуда, тварам. А думалася мне пра тое, што добра было б знікнуць у стракатлівай крымскай ночы дый з’явіцца ў кватэры 44 на восьмым паверсе ў доме 68 па вуліцы Апанскага ў горадзе Мінску, карацей — хацелася дамоў. У мяне засмактала пад лыжачкай, у грудзях узнікла пустата і холад, у носе заказытала, а на вачах навярнуліся слёзы. Плакаў я бязгучна. Крочыў за пульхнай жанчынкаю дый крадком выціраў шкарпэткамі мокрыя шчокі. Але ты і сама ведаеш, ці мала каму што захочацца і зажадаецца.
Маркота знікла зусім нечакана, у той момант, калі мы зайшлі ў ярка асветленае фае вялікага пяціпавярховага будынка. Падобны да жолуда твар павярнуўся да мяне, наблізіўся і сказаў: “Запамінай... Твой лагер — Горны, твая дружына — Крыштальная, твой атрад — Пяты, твой паверх — Трэці, твой пакой — Трыста адзінаццаты. Паўтары!” Я паўтарыў. А чаму, зрэшты, і не паўтарыць, калі просіць маладая жанчынка з хай сабе і нязграбна павязаным на шыі піянерскім гальштукам. Мне нават падабаўся пах сухое кастрычніцкае лістоты, які сыходзіў з-пад праса, калі я павольна сунуў яго па шаўкавістым, добра намочаным чырвона-памаранчавым трохкутніку. Далібог. А ў важатай, якая сказала, каб ішоў адпачываць, замест хрусткіх ражкоў целяпаліся над высокімі грудзямі вялыя матузкі.
Пакуль я шукаў свой 311‑ты пакой, дык быў цалкам упэўнены — там поўна неграў і кітайцаў. Я ж не ведаў, што міжнародная змена з мурынамі, індыйцамі ды індзейцамі бывае толькі раз на год у ліпені. І ўяві сабе маё здзіўленне, калі, ціхенька адчыніўшы дзверы, я пабачыў самотнага, цалкам белага (нават бровы ў яго былі светлыя) хлопца, які сядзеў у позе пакрыўджанага воіна на адным з пятнаццаці ложкаў каля акна.
Белагаловы, кучаравы хлопец быў Віця з Віцебска. І трэба ж было ехаць у няблізкі свет, каб пазнаёміцца з віцебскім Віцем?! З тым самым Віцем, што меў крэпкія вузлаватыя локці і калені, з тым, з якім я моцна пабіўся з-за палічкі ў тумбачцы. Пасля знаёмства мы адразу ж падзялілі тумбачку: у мяне ніжняя палічка, а ў яго верхняя. І розная драбяза накшталт зубной шчотачкі ды паштовак увесь час падала з Віцевай паліцы на маю. А я такога не любіў ніколі. Маё — гэта маё, мне чужога не трэба, але за сваё я і галаву адарваць, фігуральна кажучы, магу. Зразумела, я папярэджваў, што, калі яшчэ раз ягоныя брудныя і смярдзючыя рэчы апынуцца на маёй чыстай паліцы, павыкідаю іх у акно. А акно ў пакоі было проста гіганцкае, не акно, а цэлая шкляная рассоўная сцяна, за якою разгортваўся экзатычны марскі краявід. Сапраўднае неба, сапраўдныя горы і скалы, сапраўдныя кедры, а не фоташпалеры. І не пацэліць у такое шырокае акно я не мог, ружовая Віцева мыльніца паляцела ў бок хісткіх смарагдавых кіпарысавых вершалін.
Гаспадар выкінутае мыльніцы спачатку смяяўся, як і ўсе прысутныя ў пакоі, а потым, зразумеўшы, што рагочуць не з мяне, а з яго, зусім збялеў, а ягоныя балотныя вочкі пазелянелі, як віцебскія азёры ў жніўні. Ударыў першы ён... Віця ўдарыў мяне першы, і ўдарыў нагою па маёй назе, калі я бег па акуратна засланых ложках. Можаш сабе ўявіць, як мне давялося грымнуцца на дубовы паркет, як абадралася і пабілася сцягно, месяц не сыходзілі сінякі. Ты ж ведаеш, у мяне вельмі белая і далікатная скура, пальцам ткні, і расцячэцца ліловая пляміна. І яшчэ была адна праблема са скураю: я вельмі кепска загараю. Калі выязджаў з Артэка, дык быў самы незагарэлы, а на руках і нагах вёз найбольшую колькасць сінякоў і драпінаў. Знарок лічылі: 43 сінякі і 18 драпінаў. Толькі ад падзення на дубовы паркет да развітання з лагерам Горны было яшчэ далёка.
Побач на падлозе між ложкамі расцягнуўся і Віця, бо ўдарыць ён ударыў, а раўнавагу згубіў. Я паваліўся першы, але і ўскочыў першы, каб адразу ж упасці на Віцькавы грудзі, ашчаперыць ягоную шыю і душыць. Ён выкручваўся з-пад мяне, як чарвяк з-пад курынае лапы. Ды дзе там... Я раскірэчыўся, як яловы корч, і ціснуў Віцю, колькі хапала вагі і моцы. Ён ужо намерыўся здавацца, ён сам пазней прызнаўся, што хацеў папрасіць маёй літасці, але не паспеў, я выпусціў яго. Сапраўды. Давялося ўскочыць і вызверыцца на аднаатрадаўцаў, якія, назіраючы бойку, пачалі крычаць: “Беларусы б’юцца! Беларусы б’юцца!..” Праз імгненне поплеч са мною, супраць усяго атрада, стаў прыдушаны Віця з Віцебска. Умацаванне баявога духу натхніла мяне, я пачаў лаяцца, я выкрыкваў такія расейскія брудныя словы і так гучна, што праціўнікі вырашылі за лепшае выйсці за дзверы, якія я зачыніў нагою. Дзверы хлопнулі-стрэлілі. І стрэл выбіў з мяне агрэсію, якая вылецела залацістым пылам у шырока адчыненае акно. Спакойны і спустошаны я павярнуўся да Віці з намерам памірыцца. “Паглядзі на маё сцягно!” — сказаў я даверліва. “А ты ледзь не зламаў мне шыю”, — зусім ласкава паведаміў ён. Мы памірыліся з Віцем, які самотна сядзеў на ложку, калі я ціхенька адчыніў першы раз дзверы ў 311‑ты пакой.
Другі мой знаёмец у Артэку быў Сярожа з Мінска, ён зайшоў у пакой трэці. Меланхалічны Сярожа, у якога на правай назе ад нараджэння былі нераздзеленыя самыя маленькія пальцы, нават пазногаць на іх быў адзін, гэткія сіямскія блізнюкі на адной асобна ўзятай назе. Але варта зазначыць, што гэты цялесны феномен зусім не перашкаджаў майму другому знаёмцу бегаць і скакаць, а ў скачках у вышыню быць першым у Горным лагеры. Сярожа грунтоўна займаўся на мінскім стадыёне “Дынама” лёгкай атлетыкай і прывёз у Артэк выдатны спартовы строй, які давялося пакінуць у камеры захоўвання.
Але шаўкавіста-блакітны строй усё ж недарэмна з’ездзіў на паўвыспу ў Чорным моры, бо на зваротнай дарозе з сонечнага лагера дружбы ў мяне затырылі, а калі па-чалавечы, дык скралі штаны. Звалаклі самым непасрэдным чынам... Я лёг спаць і паклаў нагавіцы за падушку, каб не надта пакамячыліся, і яшчэ я іх рукою прытрымліваў. А калі прачнуўся, дык у руцэ быў заціснуты рог падушкі, а штаноў і след прастыў. Суправаджальніца — акулярыстая маладзіца з таўсценнымі шчыкалаткамі і танклявым галаском — адно развяла ўшыркі кароткія рукі, маўляў, трэба было класці пад падушку, а не за падушку.
Я ледзь не заплакаў, разам з штанамі прапалі дзве поўныя кішэні значкоў, якія падаравалі аднаатрадаўцы. Якіх там толькі не было! І блакітны герб Зеленаграда Калінінградскай вобласці. І мячэць з Джамбула, што ў шыракаскулым Казахстане. І вузенькая панарама Ульянаўска. І карэльская бяроза з Петразаводска. Ледзь не ўся гісторыя з геаграфіяй тагачаснага СССР. І ўзялі, і панеслі... А запасных штаноў у мяне не было. Гэта цяпер, выбіраючыся ў дарогу, я абавязкова прыхопліваю спартовыя нагавіцы. А тады мне пашанцавала, што ў адным купэ са мною вяртаўся ў Мінск аднаатрадавец Сярожа. У яго я і пазычыў навюткія блакітна-шаўкавістыя штаны. Як ён не хацеў іх даваць! І вельмі здзівіўся, калі праз дзень я прынёс іх яму дамоў. “А я быў упэўнены, што больш ніколі іх не ўбачу!” — усклікнуў Сярожа, убачыўшы мяне. Ён пабачыў свае штаны, а вось я больш ніколі яго не сустракаў, хоць і жыў ён у самым цэнтры Мінска, на плошчы Якуба Коласа, над гастраномам “Сталічны”. Мусіць, не хацелася сустракаць артэкаўцаў. Дый наогул я больш ніколі нікога з іх не спатыкаў.
Толькі вось аднойчы на кніжнай вокладцы я прачытаў прозвішча аднаатрадаўца — Абашаў. Я пацікавіўся, дзе выдавалася кніга... Уфа. Так што цалкам можа быць, што зборнічак фантастычных апавяданняў выдаў Юра Абашаў з Башкортастана, а тады Башкірыі. Юра, які клаўся спаць у шкарпэтках, а праз гэта і патрапіў ў малапрыемную сітуацыю. Зрэшты, у сітуацыю патрапіў не толькі Абашаў з Башкортастана...
Пасля абеду па артэкаўскай завядзёнцы трэба было гадзіну адпачываць і, абавязкова распрануўшыся, ляжаць у ложку пад прасціною. Можна, хто пажадае, — і пад коўдраю, але — Крым, жнівень, гарачыня 30° у цені. Так што пад прасціною лацвей. Папалуднаваўшы, лагернікі залеглі. У пакой зайшла важатая Галіна з Ноўгарада з сваім загарэлым жалудовым тварам, над якім пагойдваўся выбелены чубок. Галіна загадала ўсім устаць. Загады ў лагеры не абмяркоўваліся. Устаць! — значыць, уставай і не думай. І я не думаў, стаяў і глядзеў на сваіх супакойнікаў у форменных трусах. На ўсіх былі адно чорныя, крыху злінялыя трусы. А на Абашаву былі яшчэ акуляры з бруднавата-зялёнай аправаю, гадзіннік на скураным парэпаным раменьчыку і чорна-сінія шкарпэткі з рамбічным малюнкам. “Ты чаму не распрануўся?” — наглядчыца Галіна насунулася на башкіра. “Я распрануўся”, — вочы ўфімца спалохана залыпалі ў акулярных лінзах. “Ты чаму шкарпэткі не зняў?” Паўза пасля “чаму” была такая глыбокая, што з яе выразна вызірнула слова “скаціна”. “А ў нас усе так спяць”. “Дзе гэта ў вас? Можа, у Амерыцы? Дык вось, у нас у СССР і ў прыватнасці ў Артэку савецкія людзі кладуцца ў ложак без шкарпэтак! Зняць! Хутка!” — доўгі, як у Адольфа Гітлера, чубок узляцеў над ускінутым тварам. Цікава, ці бачыла Галіна з Ноўгарада амерыканскія фільмы, у якіх жыхары ЗША кладуцца ў ложак, не зняўшы шкарпэтак? І, вядома, не яе справа параўноўваць жыццё дзвюх імперый з розным грамадска-палітычным ладам. Яе абавязак быў больш просты: выконваць самой і прымушаць астатніх выконваць правілы артэкаўскага жыцця. А розных завядзёнак у лагеры было больш чым дастаткова...
Усе лагернікі павінны былі хадзіць “у нагу”, я не ведаю, як хто, ці як палонныя, ці як салдаты, карацей, толькі “ў нагу”. І не важна, ідуць двое, трое, чацвёра ці сто чатыры, усе абавязкова крочаць толькі “ў нагу”. Мусіць год, калі не болей, пасля вяртання да цывільнага жыцця, я з усімі хадзіў толькі па-лагернаму. Нават з жанчынамі, дзяўчатамі, бацькамі — толькі па-артэкаўску. І ніяк не мог адвучыцца. Ідзеш-ідзеш з чалавекам, зірк уніз, пераступіш з падскокам і заспакоішся, і палёгку нейкую адчуеш, бо ўжо ў ненармальнасці хаджэння “ў нагу” бачыцца нармальнасць, патрэбнасць і неабходнасць.
Лагернікам забаранялася казаць пры сустрэчы са старэйшымі “прывітанне”, “вітаю вас” і розныя “здраўствуйце”. Вітацца дазвалялася наступным чынам: з раніцы і да 12.00 — “добрай раніцы”, з 12.00 да 18.00 — “добры дзень”, з 18.00 і да раніцы — “добры вечар”. А я, нібы ўпарты ірландзец, які дэманструе аднаасобны суверэнітэт, упарта даваў “дзень добры”. Але мяне не праследавалі і не каралі за перастаноўку слоў, ад якой сэнс не змяняўся. Наогул нацменам дазвалялася крыху болей, чым расейцам, маўляў, малодшы брат — ён дурнейшы, тое-сёе варта і не пачуць і дараваць.
Што да пакаранняў, дык яны ў Артэку насілі больш назыўны, чым матэрыяльны характар. Важатыя пагражалі, што патэлефануюць бацькам; начальнік казаў, што напіша лісты. Усе разам абяцалі выгнаць з лагера і выправіць дамоў. Толькі ніхто ім не верыў. У рэальнасці ж яны маглі наступнае: не пусціць на танцы, не ўзяць у кіно, не дазволіць ехаць на экскурсію і, у самым крайнім варыянце, паклікаць увечары ў пакой для важатых, а там палохаць і абяцаць, што ў наступны раз паб’юць. Каб каго сапраўды білі, я не чуў, бо наогул у Артэку ўсё брыдкае вельмі старанна ўтойвалася, і яшчэ там была сістэма замены.
Да прыкладу, я ўзбунтаваўся — адмовіўся вучыць 10 абавязковых піянерскіх песень. Калі на палянцы нас пасадзілі ў кружок і пачалі надыктоўваць словы, я ўзняў руку і заявіў, што зусім кепска пішу па-расейску. За такі жарт мяне, як мінімум, можна было б паставіць пасярод пляца на вечаровай лінейцы і перад усёй Крыштальнай дружынай высмеяць і прынізіць, сказаўшы: вось піянер, які не здатны вывучыць мову, на якой гаварыў Ленін. І, павер ты мне, сораму не абабраўся б. Толькі Галіна з Ноўгарада павяла сябе інакш. Не хочаш быць як усе? Выдатна. Будзь лепшы. Яна спытала: “Хто яшчэ не ведае расейскага правапісу?” Маё непадпарадкаванне падтрымалі два казахі, Мухтар і Амангельды. Тады важатая вельмі ўрачыста паведаміла, што мы вызваляемся ад 10 піянерскіх песень і накіроўваемся ў бібліятэку, дзе зможам узяць кнігі на родных мовах і чытаць іх, пакуль астатнія будуць спяваць. З боку важатай усё было зроблена вельмі тактоўна, так, што падумалася: мусіць, папярэдняя міжнародная змена з неграмі ды кітайцамі ўсё ж прывучыла сяго-таго паважна ставіцца да іншародцаў, якія не вывучылі вялікую ды магутную мову міжнацыянальных зносін. Але ж і з майго бунту выйшаў пшык.
Толькі калі я ў пэўным сэнсе падмануў Галіну, дык Амангельды з-пад Джамбула быў шчыры. Галавасты апалонік, інакш і не скажаш пра яго, звычайны хвастаты зародак жабкі. І вочы ў казаха былі вузкія і лупатыя адначасна; вочныя яблыкі так і хацелі выскачыць з чэрапа, а напятая смуглявая скура іх не пускала. Імя маленькага крываногага казаха з-пад Джамбула спачатку ніхто не мог запомніць. Але калі такое вымавіш і запомніш, дык ужо і не забудзеш, каб і хацеў. Пабудзі мяне сярод ночы і спытай, з якім казахам давялося пазнаёміцца ў Артэку, і пачуеш — Амангельды. У ягоным Джамбуле адбыўся землятрус, таму разам з нашчадкамі начальнікаў у Крым паехалі дзеці шматдзетных пралетарыяў і сялян. Амангельды быў восьмае, але не апошняе дзіця ў бацькоў. Я не цікавіўся, кім працаваў бацька жабкападобнага казаха, але сям’я іхняя яўна не гаравала і не галадала. Ты б толькі бачыла, як ён расціснуў падэшваю на асфальце скрыль кавуна...
Недзе напрыканцы першага тыдня нам далі на дэсерт кавун. Скрылі былі чырвона-сакаўныя, падобныя да вялізных пеўневых грабянёў. А з-пад-джамбульскае жабяня вазьмі ды скажы: “У нас такімі кавунамі ў футбол гуляюць!” Ніколі не бачыў, як гуляюць у футбол кавуном, а вось як гулялі глобусам — бачыў. Вясковы школьны заўгас выкінуў на сметнік можа з дваццаць геаграфічных наглядных прыладаў. А вясковыя дзеці не знайшлі лепшага занятку, як біць па іх нагамі. Потым за школаю на сметніку доўга ляжала брудная гурба папераламаных глобусаў, такіх падобных да чарапоў. Як глобусы, так і кавуны я вельмі любіў і люблю. Што да кавуноў, да гэтых ягадаў з гародніны, дык магу есці не толькі ружовыя, а і ледзь-ледзь ружовыя і прахалодна-несалодкія. А вось Амангельды, запэўніўшы, што ніводзін казах не будзе есці крымскія кавуны, пайшоў між радамі крэслаў і сталоў і ўсім землякам загадаў выкінуць дэсерт. Землякі, нечакана для астатніх, паслухаліся свайго апалоніка і, выйшаўшы з сталоўкі, пакідалі скрылі хто ў сметніцу, а хто і на зямлю. Амангельды радаваўся і ціснуў кавуны абцасамі. Крышку пазней я даведаўся, што зусім і не Амангельды прыдумаў выкінуць на сметнік дэсерт, яму загадаў Мухтар.
Высакаваты і чыстатвары Мухтар, сын старшыні райкома камуністычнае партыі, пэўна, ад бацькі пераняў волю да ўлады. І ўсе, хто прыехаў з Джамбульскага раёна, а іх па розных атрадах было параскідана чалавек сорак, без пярэчанняў выконвалі ягоныя даручэнні ды парады. Азія, як казаў Кіплінг, ёсць Азія, а Захад ёсць Захад, і разам яны ніколі не сыдуцца. Вядома, што гара з гарою зусім не так, як чалавек з чалавекам у музеі касманаўтыкі, дзе я пабачыў, як Мухтар адчуў на сваёй, крыху цямнейшай за маю, скуры, што жыве, жыве цёмны расізм на белым свеце.
Музей, заўважу, даволі шматрэчны, напакавана ў ім усяго рознага было шмат. Гэта ж цяпер я разумею, што скафандр з шыльдачкаю “Юры Гагарын” мог належаць і Герману Цітову. Ты ж і сама ведаеш, як робяцца музеі... Галоўнае, каб экскурсавод не забыўся сказаць пераканаўчым тонам: “З гэтае талеркі еў першы касманаўт Гагарын!” Толькі дух расізму хаваўся не за талеркамі і скафандрамі, а за дзейнымі трэнажорамі. Мне яны адразу не да сэрца прыйшліся, розныя моцамеры, рэакцыязамяральнікі, вагапавелічальнікі...
Правяраць рэакцыю мог кожны. Сядаеш у зручны фатэль і глядзіш на тэлеэкран (кампутараў я тады не ведаў). На экране раз-пораз у розных кутках успыхваюць рознакаляровыя кропачкі: сінія, жоўтыя, чырвоныя. Падобныя кропкі ўспыхваюць і плаваюць уваччу, калі доўга працаваў, апусціўшы галаву, а потым рэзка ўскочыў, каб іх згасіць, трэба зноў схіліцца, каб кроў у мозг прыліла. А каб зніклі экранныя кропкі, трэба ціснуць на кнопкі ў пэўным парадку, бо сінюю кропку гасіла жоўтая клавіша, а жоўтую — чырвоная, а чырвоную — сіняя. Кропкі ўспыхвалі ў ірваным рытме. Асабіста я пачуў: можаш, калі захочаш, быць касманаўтам. Мухтару з Джамбула вынеслі іншы вердыкт... Трэніруй рэакцыю, гуляй у настольны тэніс, у Кітаі добра гуляюць у настольны тэніс. Спачатку я не ўцяміў, пры чым тут Кітай. Але па тлумачэнні далёка хадзіць не давялося. Каля цэнтрыфугі ўсё праясніў даўгашыі экскурсавод: “Жоўтым у цэнтрыфугу залазіць нельга. У жоўтага чалавека арганізм слабейшы, чым у белага. Таму дзеля ўласнай бяспекі прашу жоўтых не падыходзіць да трэнажора цэнтрыфуга!” “А я не жоўты! Я — казах!” — чысты Мухтараў твар так збялеў ад злосці, што зрабіўся бялейшы за крамнае бутэлечнае малако. “Папрашу не пярэчыць і пакінуць музей. Акрамя фізічнае падрыхтоўкі для касманаўта вельмі важныя дысцыпліна і выкананне загаду”... Спрачацца не мела сэнсу. Мухтар, а за ім Амангельды, пакінулі залю з цэнтрыфугаю. Астатнія піянеры толькі ўзрадаваліся. Чым меней людзей у чарзе, тым лепей, ёсць і такая думка.
У бліскуча-срэбную цэнтрыфугу ўлезла трое беларусаў: я, Віця ды Сярожа. Мы селі на кукішкі і заціснулі галовы між каленямі. Даўгашыі ўключыў трэнажор. Па спіне пабег скразнячок. Здаецца, не прайшло і хвіліны, а экскурсавод ужо крычаў, што трэба ўстаць і ўзняць рукі ўгару. У галаве гуло і грукала, нібыта нехта дужы кідаў у пустым вагоне на падлогу мяхі з цэментам. Бух, густая ціша, гудзенне... Ізноў бух... А рукі, Бог сведка, былі такія цяжкія, што я ледзь адарваў іх ад сцёгнаў. Аднаатрадаўцы клаліся са смеху, гледзячы, у якіх раскірэчаных паставах стаялі мы ў цэнтрыфузе. Было смешна і мне, было смешна глядзець на Віцю і Сяргея, што стаялі як два стогадовыя разбітыя паралюшам карчы. Але смяяцца я не мог, шчокі і вусны не рассоўваліся. Калі б мне хто сказаў, што вось зараз з цябе выцягуць у цэнтрыфугу ўсе вантробы, я б ні хвіліны не сумняваўся ў праўдзівасці папярэджання. Але, як ты здагадалася, вантробы засталіся на месцы. А вось уяўленне пра беларусаў зрушылася ў лепшы бок.
Беларус — дужэйшы за ўсіх азіятаў... Ён, як і астатнія ўсходнія славяне, створаны, каб кіраваць светам.... Ніякая цэнтрыфуга не перамяшае беларускую мову з казахскай... Захад ёсць Захад... Беларус можа быць касманаўтам, а казах... Пра гэты выпадак я згадаю праз дваццаць гадоў, калі па швах распаўзецца СССР, калі казахі абяруць свайго першага прэзідэнта, які нацыяналізуе касмадром і валявым загадам выпхне казаха ў космас. Цікава, як у яго беднага са здароўем? Ці ўсім усё адно? Як з тымі сабакамі, выпхнулі ў космас Белку і Стрэлку, і там пакінулі, і іхныя мёртвыя выпручаныя целы ўсё круцяцца і круцяцца ў беспаветранай прасторы, не могучы нават раскласціся як след. У музеі касманаўтыкі я пашкадаваў Мухтара, бо ён быў адзіны ў атрадзе, хто чытаў на роднай мове.
Калі я, Мухтар і Амангельды адмовіліся вучыць дзесяць піянерскіх гімнаў і пайшлі ў бібліятэку, дык там спаткалі вельмі ветлівы прыём. На другім паверсе цаглянага катэджа нас сустрэла дробненькая, амаль карліца, жанчынка ў блакітным парыку. Яна і паказала мне беларускую, а Мухтару казахскую палічкі. Амангельды меў больш сціплыя запатрабаванні, яго цалкам задаволіла падшыўка маскоўскага гумарыстычнага часопіса “Кракадзіл”. Пакуль я, седзячы на кукішках (беларуская паліца была пры самай падлозе) выбіраў чытанку, Амангельды рагатаў на ўвесь двухпавярховы катэдж. Сорамна было не толькі мне, але і Мухтару. Толькі я зрабіў выгляд, што не бачу таго сораму: вы — казахі, самі і разбірайцеся між сабою, мая справа ў іншым баку...
На прыпадложнай паліцы вышнураваліся новенькія, амаль негартаныя томікі аўтараў са школьнай праграмы, ні больш ні менш. Толькі хрэстаматыйныя мелі пропуск у артэкаўскую бібліятэку. Бог з імі, з пропускамі, не горшыя ў беларусаў хрэстаматыі, калі ёсць Купала, Колас, Багушэвіч і Багдановіч. Мне, вядома, як большасці сямікласнікаў, а не сямікласніц, хацелася ўзяць прозу. Кнігу ў піянерскіх лагерах успрымалі неадназначна. З аднаго боку, гэта адзіная рэч, якой дазвалялася ляжаць на тумбачцы, а з другога боку, калі нехта ўбачыць, што хлопец чытае вершы, дык мог узнікнуць цэлы абвал кепікаў і падначак. Зразумела, калі вершыкі не піянерскага зместу (пра іх будзе асобны абзац). Дык вось, беларуская хрэстаматыйная проза, кажучы па-бібліятэкарску тактоўна, мяне зусім не зацікавіла. Пасля бойкі з Віцем з Віцебска розных здзекаў я не баяўся. З паліцы ўзяў сіні том Максіма Багдановіча. Чытаў я тады, як і цяпер, вельмі марудна, таму кніга і праляжала на тумбачцы амаль усю змену. Том Багдановіча быў мне за сімвал адметнасці, за знак няроўнасці і суверэннасці хоць бы адной асобна ўзятай тумбачкі. І калі хто з расейцаў казаў пра аднолькавасць нашых моў, дык і трох радкоў было дастаткова, каб давесці адваротнае.
Не ведаю, наколькі гэта натуральна, але беларусам я сябе адчуваю за межамі Беларусі. На Радзіме я — літаратар, журналіст, мастак, асоба мужчынскага полу, вайсковаабавязаны, пасажыр, пешаход, мінак, настаўнік... Хто заўгодна, сто разоў нехта і толькі потым беларус. Раней мяне вельмі палохаў той факт, што расейцы і габрэі ўсё больш і больш пачуваюць сябе ў Беларусі менавіта габрэямі і расейцамі. А цяпер я нават вітаю іхняе вяртанне ў роднае нацыянальнае ўлонне. Хай у маёй Айчыне кожны небеларус адчувае сваю нацыянальную прыналежнасць, лёгкі смутак і настальгію, якую па вечарах адчуваў я, лежачы на другім ад акна ложку, у 311 пакоі на 3 паверсе, Крыштальнай дружыны, Горнага лагера, у Артэку, калі трымаў перад вачыма томік Максіма Багдановіча, любімага паэта нацыі.
У кожнага народа ёсць вялікі паэт: у ангельцаў — Байран, у немцаў — Гётэ, у японцаў — Басё. Але ў кожнай нацыі, акрамя вялікіх, народных, прызнаных, вядомых і малавядомых, маладых і пачаткоўцаў, ёсць паэты любімыя: у японцаў — Ісікава Такубоку, у ангельцаў — Джон Кітс, у расейцаў Міхаіл Лермантаў... Вельмі сумна, што ўсе яны сышлі з жыцця ў маладым веку. А можа, гэта неабходная адзнака ў біяграфіі паэта, каб яго спачатку пашкадавала, а пасля палюбіла нацыя? Але гэта пытанне зусім не артэкаўскае, яно з часоў сённяшніх, калі зрабілася відавочна, што нават у лагерах дружбы выспельвалася ідэя незалежнасці як беларуса, так і казаха. Ужо дзецьмі мы ведалі пра неабходнасць аддзялення ад СССР з ягоным паталагічным жаданнем ашчаслівіць усіх, навучыўшы біць у чырвоны піянерскі барабан. А я замест дзесяці гімнаў чытаў лірыку Багдановіча, ягоныя геніяльныя вершы пра смерць. І яшчэ я зразумеў, што ў савецкім лагеры не так ужо кепска гаварыць з акцэнтам, не з гаварком, якім розніцца адзін расеец ад другога, а менавіта з акцэнтам.
Менавіта ў Артэку я заўважыў, што расейцы вельмі дэмаралізаваная нацыя. У іх размылася паняцце рускі, яно стала вызначэннем імперскіх паводзін і перастала быць уласна нацыянальнасцю. Рускія зрабіліся падобныя да габрэяў, яны расцякліся па прасторы СССР, і ў іх пачало не хапаць колькасці і моцы, каб трымаць усё пад кантролем. У Артэку расейцаў было болей за ўсіх астатніх, але яны ніколі не аб’ядноўваліся ў нацыянальныя групоўкі, яны былі кожны сам за сябе і свой рэгіён — Сібір, ці Карэлію, ці Архангельскую поўнач. Адных Ваняў у 311 пакоі было ажно тры, архангельскі Ваня, петразаводскі Ваня і астраханскі Ваня.
Архангельскі Ваня казаў, што вельмі любіць паэзію Сяргея Ясеніна, толькі з усёй спадчыны апошняга паэта расейскай вёскі я пачуў, праўда, разоў са сто, толькі два радкі.
Шмат дзяўчатачак я перамацаў,
Шмат кабет я ў кутках заціскаў...
А далей каціўся раскацісты рогат ясеніналюба. Аднаго разу бессмяротныя радкі пачула важатая Галіна, яна матлянула сваім гітлераўскім чубком і заўважыла, што лепш бы ён паўтарыў словы песні пра Зіну Партнову, піянерку-геройку. Архангельскі Ваня пачаў дэкламаваць тэкст, дзе былі і такія радкі:
С кровью падают на пол
Пряди светлых волос.
Сам начальник гестапо
Учиняет допрос.
.....
То он в злобе пугает,
Наведя пистолет,
То опять предлагает
Шоколадных конфет.
Ты глаза опустила,
От конфет отвела,
Распрямилась, схватила
Пистолет со стола...
.....
В схватке пули жужжат,
Офицер с конвоиром,
В пол уткнувшись, лежат...
Што-што, а смерць у піянерскай паэзіі мяне зусім не палохала, яна наадварот нават весяліла. Ну і як можна было не смяяцца, калі атрад спяваў хорам наступныя словы пра чарговага піянера-героя, які загінуў у смяротнай схватцы з ворагамі?!
Гремело у дальней ложбинки.
Кончался стремительный бой.
Не тая, ложились снежинки
На мальчика в пуще лесной.
Мы смяяліся, бо радкі з афіцыйнай лагернай паэзіі вельмі нагадвалі неафіцыйную лірыку, накшталт:
Я спросил электрика Петрова:
“Почему ў Вас на шее провод?”
Ничего Петров не отвечает.
Тихий ветер труп его качает.
Былі ў падпольнай лірыцы і больш кранальныя, эратычныя вобразы:
Дзевачка ноччу злавіла таксі.
Ціха шафёр ёй сказаў “Адсмакчы!”
Доўга смактала бедная Зіна.
Месяц ад Зіны смярдзела бензінам.
Каб скончыць з усёй піянерлагернай паэзіяй, артэкаўскай і неартэкаўскай, я працытую табе яшчэ адзін урывачак з афіцыёзнага вершыка-дрындушкі.
Там жывуць узбекі, беларусы.
Дзеці розных брацкіх нам краін,
Пасланцы В’етнама і індусы —
Сваякі па духу, па крыві.
Гэта лагер вечнага сяброўства,
Дзе расце, мужнее чалавек.
Гэта месца добрага знаёмства,
Гэта ён — наш сонечны Артэк!
Ура! Таварышы! Ура! Ну, вядома, бліжэйшых сваякоў за індусаў беларусы ніколі не мелі, бо расейцы і ўкраінцы не рыфмуюцца. А індусы і беларусы рыфмуюцца, толькі чаму індусы, а не тунгусы? Га? Але не ў гэтым закавыка, а ў іншым. Гэты вершык з назовам “Лагер Дружбы” мае яшчэ адну каштоўнасць. Яго склаў чалавек, які адсядзеў за калючым дротам у канцэнтрацыйным сталінскім лагеры больш за дзесяць гадоў. І што, спытаеш ты? А нічога, скажу я. Можа і сапраўды, калі глядзець на Артэк з Гулага, дык ён і нішто сабе, і дружбаноў можна займець ці проста пазнаёміцца з кім цікавым.
Да прыкладу, у Артэку я пазнаёміўся яшчэ з петразаводскім Ванем, чарнавокім веліказубым хлопцам. Ён і падараваў мне паштоўку з архітэктурным краявідам Кіжоў. На паштоўцы пад сінюшным небам стаяла шэрая цэркаўка, збудаваная без адзінага цвіка. Белазубы Ваня расказваў, што ў XVІІІ стагоддзі расейскія майстры маглі будаваць з адной толькі сякераю. Хто яго ведае, можа, яно і так. Паспрабуй, зацягні на Поўнач тыя цвікі. А так, з адной сякераю на плячы, расейскім каланістам было ямчэй рухацца на ўсе чатыры бакі ад Масквы. Сякера вельмі зручная рэч у справе мірнага далучэння чужых земляў да імперыі. Асабліва да Расейскай, асабліва ў XVІІІ стагоддзі, калі ў яе быў ваўчыны апетыт. Хто не згодны? Сякера хутка знойдзе шлях да згоды. І не трэба ніякіх цвікоў, каб распінаць і будаваць саборы ў гонар распятых, трэба прасцей: хто не згодны — кладзі галаву на калодку. Хру-у-упсь!
Вось з такім — касцяным і адначасна плюгкім гукам вылецелі два верхнія пярэднія зубы ў петразаводскага Вані, калі ён упаў тварам на прыступку. Акуратную, майстравіта абкладзеную белай кафляй, а таму вастрарэбрую прыступку, якая вяла з калідора на гаўбец. Ваневы далоні прызямліліся, прыпадлозіліся каля самай прыступкі, і каб яе не было ці каб яна была крышку далей, дык твар аднаатрадаўца спыніўся б на бяспечнай адлегласці, а два пярлінна-бліскучыя разцы не вывернуліся б з верхняе дзясны і не выплюнуліся б на слізкую кафлю разам з крывёю. І Ваня не плакаў бы, седзячы на кукішках па-над чырвоным пляўком. Ну і я разам з Віцем з Віцебска не туляўся б побач і не задаваў бы сабе малапрыемнае пытанне... А ці не выганяць мяне з Артэка за бойку, у якой піянер страціў пярэднія верхнія разцы? Ці вышлюць толькі мяне, ці разам з Віцем патураць? Што я скажу бацьку? Да пытанняў далучаліся розныя неразумныя развагі... Каб вылецелі не пярэднія, а бакавыя зубы, дык можна было б угаварыць Ваню, каб шырока не раскрываў рот пры важатай Галіне, і гэтак у таямніцы схаваць вынікі бойкі. Толькі інцыдэнт і бойкаю назваць цяжка. Я ж падышоў да Вані зусім блізенька, каб ён не змог размахнуцца і ўдарыць. Паміж нашымі насамі засталося сантыметры са тры, не болей. І я ціхенька штурхануў яго ў грудзі. Ён, вядома, чакаў штуршка ці ўдару, але і думаць не думаў пра Віцю, які ў яго ззаду прысеў і скурчыўся каля самых ног. Ваня кульнуўся праз Віцеву спіну вельмі па-цыркавому і нават паспеў перакруціцца, каб упасці спружыніста на рукі. А тут, ліха на яе, — прыступка.
Толькі буду шчыры: калі б петразаводскі Ваня ўпаў больш удала і не згубіў зубы, я б даў яму па твары нагою. Быў у мяне такі баявы намер, пакуль не пачулася ломкае хру-у-упсь і Ванева галава неяк страшна і рэзка тарганулася, нібыта хлопца кальнула токам. Намер дабіць ворага знік. А ворагам Ваня стаў неспадзявана і для самога сябе, ён прагаварыўся, ён зусім не намерваўся нікога крыўдзіць, сказаўшы ўголас тое, што думалася. З кожным можа такое здарыцца, але далёка не кожнаму за неабачлівасць выбіваюць пярэднія разцы. І вядома ж, пасля бойкі я пашкадаваў Ваню, але далёка не на ўсе сто працэнтаў, бо так ці інакш, але ён павінен быў прыняць пакаранне за абразу, кінутую ў мой бок.
Я стаяў на калідоры разам з Віцем і спакойненька гаварыў, як цяпер памятаю, пра кедравыя шышкі. Мы дамаўляліся пайсці пашукаць іх у артэкаўскім парку. Звычайная размова. Адна асаблівасць яе была ў тым, што я гаварыў па-беларуску. А петразаводскі Ваня, стоячы поплеч, ціха ўсклікнуў: “Какое мерзкое наречье!” Пачуўшы голас сэрца, які вылецеў з савецкага піянера, я падышоў да яго, каб удакладніць несвоечасовыя думкі наконт маёй роднай беларускай мовы. Ваня ж замест прабачэння прачытаў зусім кароткі, але вельмі змястоўны курс лекцый пра зліццё нацый і моў. Мяне, дарэчы, заўсёды здзіўляла наіўнасць савецкіх чалавечкаў, яны ж сапраўды верылі і вераць у тое, што ўсе нацыі сальюцца ў савецкую нацыю і на зямлі запануе бела-жоўта-чорны інтэрнацыянальнамоўны чалавек. Ванеў імперскі шавінізм я падбадзёрваў бясконцым паўтарэннем слова “гавары”. І Ваня дагаварыўся. Вось так мы пакаралі петразаводскага хлопца, пакаранне атрымалася крыху больш жорсткае, чым меркавалася, але я і цяпер ніколі не дарую чалавеку, які абразіць маю нацыю. Гэта зусім не азначае, што я адразу пачну выбіваць яму пярэднія зубы, але надыдзе момант, і я... Хай сабе і буду пакараны, як тады ў Артэку: мне і Віцю з Віцебска забаранілі ў той вечар ісці на танцы. І мы стаялі на гаўбцы і глядзелі, як пад намі на ярка асветленай пляцоўцы бяззубы Ваня вытанцоўвае “летку-еньку”. Я не зайздросціў яму.
Не зайздросціў я і астраханскаму Ваню, які выхваляўся, што ў ізалятары вельмі смачна і добра кармілі, ледзь не ў сто разоў лепей, чымся ў агульнай сталоўцы. А ў ізалятары вялікагаловага, падобнага да павука Ваню пратрымалі амаль палову змены. Крышку менш за месяц, бо калі ён развітаўся з родным волжскім горадам, там усё было ціп-топ — спакойна і ціхмяна, але пакуль даехаў да Артэка, у Астрахані знайшліся дурні, што захварэлі на халеру, пэўна ж, рукі не мылі. Чутка пра халеру абляцела СССР, не абмінуўшы і паўвыспу Крым. І ўсіх астраханцаў упяклі ў ізалятар і трымалі за кратамі, пакуль газеты не адсвяткавалі перамогу савецкіх лекараў над стыхіяй інфекцыі. Ваня прыйшоў у мой атрад у вельмі адметны дзень — 1 верасня. У першы дзень восені лагернікаў, як і ўсіх хатніх дзяцей, чакала яе вялікасць школа, халера ясная.
Пасля снядання нас пашнуравалі на святочную лінейку. Начальнік Горнага лагера, мардаты, як міністр авіяцыі гітлераўскай Германіі, і такі ж высокі, як той самы Герынг, доўга-доўга і нудна-нудна гаварыў пра глыбокі сэнс ленінскай думкі — вучыцца, вучыцца і вучыцца. За начальнікам слова бралі і доўга не аддавалі розныя падначаленыя, розныя наглядчыкі, выхавальнікі ды важатыя. Сонца добра-такі пякло, але нас яно не ўзяло, а вось астраханскага Ваню ўдарыла, захірэў ён у ізалятары, ці ад прыроды слабы быў, хто там ведае. Адно дакладна: Ваня страціў прытомнасць; тоненькія павучыныя ножкі склаліся напалам, а шырокі твар упаў на бетонную пліту, скура на твары луснула ды разлезлася. На белым пляцы распаўзлася крывава-зыркая пляміна. Што казаць?! Свята ведаў атрымалася запамінальнае. Ваню занеслі ў медыцынскі ізалятар. А нас, гарналагернікаў, пашнураваных у даўжэзную, як бразільская анаконда, калону, павялі ў школу.
Ніколі ў жыцці я не любіў школу, але, дзіва, артэкаўская навучальная ўстанова мне спадабалася. Вучыцца ў ёй трэба было тры дні на тыдзень ды толькі чатыры ўрокі на дзень. Ніякіх хатніх заданняў не задавалася. Усе сшыткі з падручнікамі ляжалі ў стале, і ніхто іх не краў. Вучыўся я ў 7 “М”, які наш класны кіраўнік, культурыстычны маладзён, ахрысціў “моймы”. На першым жа ўроку давялося запатрабаваць падручнікі на беларускай мове. Культурыст на першым жа перапынку завёў мяне на склад і выдаў пачак новенькіх, нібыта толькі надрукаваных, падручнікаў. Я ў Мінску такіх і не бачыў, бо вучыўся ж у расейскай мікрараённай школе. “Твае?” — спытаў атлетычна складзены класны. “Не... яны малдаўскія. Тут во прачытайце: Кі-шы-нёў!” “Чакай...” Настаўнік знік за стэлажамі, а праз хвіліну ў мяне на руках быў пачак беларускіх падручнікаў, таксама бліскучых і нікім не чытаных.
Але гэтае дзіва яшчэ і не дзіва. Больш за ўсё мяне радавалі настаўнікі, я ж ніколі не думаў, што настаўнік можа растлумачыць тэму, што ён так раскажа і перакажа, ажно не трэба ў падручніку корпацца. У сваёй мінскай школцы, седзячы за партаю і слухаючы педагога, я разумеў толькі меншую палову тэмы. А большую і асноўную вычытваў у падручніку. І таму быў цалкам упэўнены: ніводзін настаўнік не ведае лепш за падручнік. А вось артэкаўскія ведалі і лепей і болей і маглі ўсё гэта вельмі хутка перадаць вучням, якія прыходзілі на заняткі. А прыходзілі не ўсе. Пакуль калона піянераў пакрывала адлегласць ад Горнага лагера да школы, што прыблізна складала кіламетры два, даволі значная частка лагернікаў сыходзіла ў партызаны і ў басмачы. У асноўным у прыдарожныя хмызы шасталі каўказцы з азіятамі. Амангельды не схадзіў у школу ні разу, ён нават выкінуў абавязковую для ўсіх картку з адзнакамі. Што яму тая картка, ён займаўся нарыхтоўкаю кедравых арэхаў, налушчыў кілаграмаў дзесяць, пакуль астатнія сядзелі на занятках. У маёй жа картачцы стаялі адны танканогія чацвёрачкі. Гэта чамусьці расхвалявала дырэктара маёй роднай мінскай школы 9. “Няўжо, Адам, ты не мог пастарацца і атрымаць хоць бы адну выдатную адзнаку?” Я прамаўчаў. Не гаварыць жа, якія выдатныя настаўнікі ў Артэку і якія цельпукі ў нас. Дырэктар не зразумеў бы. А можа, і зразумеў бы, бо сышоў жа ён з школы, уцёк на партыйную працу. І слушна зрабіў. У кожнага школьнага дырэктара павінна быць душа кар’ерыста.
А вось у мяне вельмі слабыя кар’ерныя здольнасці. У Артэку, дзе было столькі розных пасадаў, я не займаў ніводнай. Не быў абраны ні старшынёю рады дружыны, ні старшынёю атрада, ні старшынёю пакоя, ні нават звеннявым. Таму на ўсіх лагерных фотакартках стаю з краю. У гэтым нічога кепскага няма, бо калі чалавека ўмоўна прызнаць не чаротам, які думае, а сцяблінаю, якая затрымлівае святло, дык з краю святла якраз і болей. І калі чалавечыя статкі кампануюцца не па прынцыпах раўнамернага размеркавання сонечнага святла, дык не я ў тым вінаваты. І не я першы заўважыў — Бог не роўна дзеліць. І выправіць гэта не выправіш. Хіба што сам сябе падманеш ці прымусіш падманваць іншых.
Вось і ў Артэку я паўдзельнічаў у непрыстойнасці. Чорт пацягнуў за язык, і я задаў важатай Галіне з Ноўгарада сакраментальнае пытанне: “Чаму вы не любіце мяне?” Цудоўна разумеючы, што пра такое нельга пытацца, я не ўтрымаўся, як петразаводскі Ваня не стрымаў сваёй нянавісці да беларускай мовы. Бывае. І ў мяне быў не самы горшы варыянт, тым больш — Галіна сказала: “Ты, Адаме, памыляешся. Я вельмі цябе люблю!” Важатая з гітлераўскім чубком мяне ненавідзела, яна любіла петразаводскага Ваню, якому я выбіў разцы. Але маё, зададзенае пры ўсім атрадзе, пытанне загнала яе ў сітуацыю, у якой, абвяргаючы мяне, давялося засведчыць любоў. Парадокс. Ну адно ў яе апраўданне — любоў наша была зусім кароткая, як і ва ўсіх артэкаўцаў. Калі я вяртаўся з Артэка дамоў, дык вёз цэлы нататнік адрасоў і тэлефонаў, а патэлефанаваў толькі Сяргею з Мінска, і тое каб аддаць пазычаныя спартовыя штаны. Болей ніколі нікому не пісаў і не тэлефанаваў. Каб той нататнічак захаваўся, я б сёння, можа, і затэлефанаваў бы якому жыхару бліжэйшага замежжа, а можа і не. Адно ведаю дакладна — дзяўчатам я б не званіў.
З дзяўчатамі ў лагеры адносіны ў мяне не склаліся. Трынаццаць гадоў — якраз той узрост, калі заўважаеш: дзяўчаты раптам сталі дарослыя, а хлопцы ўсё яшчэ дзеці. Мае аднаатрадаўкі з замілаваннем паглядалі на мужчын кшталту культурыста настаўніка, а на такіх, як я, зіркалі з пагардаю. Зрэшты, асабіста мяне тое мала хвалявала, бо прырода яшчэ не выспеліла ўва мне мужчынскія функцыі і жаданні. І таму будзе слушна, калі скажу, што ў Артэк я патрапіў у апошні год свайго дзяцінства.
А на заканчэнне скажу табе яшчэ адну сумную рэч... Праз Артэк прайшлі мільёны дзяцей, і ні разу ў жыцці я не сустрэў ніводнага сумленнага слова пра гэты найвялікшы ў свеце лагер. Адны дурнаватыя дрындушкі...
Гэта — месца добрага знаёмства.
Гэта ён — наш сонечны Артэк.
Усе нібыта вады ў рот панабіралі. Ведаем, ведаем. Бачылі. Але, хто старое згадае, таму вока прэч. Лепш не ўспамінаць. Забыцца. Ну і сапраўды, каму хочацца помніць правілы, па якіх праходзіла купанне ў моры?! А мне вось хочацца...
Спачатку, ну вядома, трэба было распрануцца і змяніць трусы на плаўкі і пятнаццаць хвілінаў ляжаць (можна сядзець) на сонцы. Потым пятнаццаць хвілінаў сядзець (можна стаяць) у цені, пад шыферным брылём. І толькі пасля ценю дазвалялася на пяць хвілінаў зайсці ў Чорнае мора. Не забегчы, не заскочыць, не запаўзці, а зайсці. Заходзілі ўсе, як гаварылася раней, “у нагу”. Даваць нырца забаранялася. Галава ўвесь час павінна тырчаць над вадою. За тры метры ад берага быў нацягнуты тоўсты канат з паплаўкамі. Заплываць за канат забаранялася. Размаўляць у вадзе забаранялася. Дакранацца да каната забаранялася. Выходзіць без каманды... Любое дробнае парушэнне вяло да таго, што ўся “дзесятка”, а ў мора заходзілі “дзесяткамі”, страчвала права на марскую ванну. Таму, зайшоўшы ў ваду, усе стаялі на камяністым дне. Зрэдку сёй-той лагернік падскокваў — рабіў выгляд, што купаецца з радасцю і асалодай. Каб нехта ўцёк і пакупаўся самастойна, я не чуў. Уцячы ў горы можна было, а вось прарвацца на ўзбярэжжа — ні ў якім разе, яно ахоўвалася не горш за дзяржаўную мяжу, зрэшты, гэта ж і была мяжа СССР, пра якую я паглядзеў у вялізным адкрытым лагерным кінатэатры прыгодніцкі фільм...
Артэкаўцы-героі знайшлі на ўзбярэжных скалах шпіёнскі акваланг, высачылі яны і самога шпіёна, і пасля кароткай, але вельмі змястоўнай, бойкі канчаткова перамаглі ворага народу на адным асобна ўзятым кавалку ўзбярэжжа. Пра несапраўднасць падзей у фільме, дзе артэкаўцам дазвалялася гадзінамі сядзець у Чорным моры, а начамі бадзяцца каля яго, здагадваўся нават наймалодшы лагернік з найапошняга атрада. Але паход у кіно запомніўся мне іншым, перад ім нам выдалі па цёплай куртцы. Дарэчы, калі пасля першай лазні я выбраў сабе форму адпаведнага памеру, дык заўважыў, што яна вельмі зручная і вельмі моцная, ніхто нічога не адарваў у ёй, нават пагоны трымаліся мёртва. А што ты думала?! Самы вялікі, самы-самы ў свеце дзіцячы лагер... Артэк.
Ракаў. 20. XІ. 1993