Цыкл кароткіх апавяданняў
Развагі
Тралейбус
Неспадзяванка
Новае
Знайшла!
Цікавае сутыкненне ў пакоі гасцініцы
Раніцай
Мае апавяданьні нараджаюцца ў пакутах. Я павольна выціскаю з сябе слова за словам. Доўга падбіраю кожны гук, але ўсё роўна памыляюся. Я часам думаю кінуць пісаць, але гэта не прасцей, чым разьвітацца з паленьнем. Спачатку ўсё добра, але потым нешта пачынае сьвярбіць нутро. Потым зьяўляецца жаданьне. Потым - непераадольная неабходнасць. Можна трываць, не пісаць. Але думкі самі не пакідаюць галавы. Яны зьбіраюцца разам. Грукаюць у скроні і патрабуюць, патрабуюць, патрабу-бу-бу… Волі. Вызваленьня.
Я тлумачу сабе: толькі мае думкі вольныя, бо яны жывуць не маючы цела. Як вірусы. Думку ня зловіш за хвост, ня стукнеш пысай аб сьценку. Яны вольныя ад прыгнёту сілы цяжкасьці, таму ўмеюць лятаць. Думка аморфная - таму яе нельга сказіць. А яшчэ - нельга зьнішчыць. Думкі нельга зьнішчыць, вось што ня вытрываць! Яны памнажаюцца, ім цесна. Яны крычаць і патрабуюць сапраўднага існаваньня.
Яны як жывыя, сапраўды. Хіба я не разумею гэтага? Вось аловак, вось папера. Напішу — заб'ю.
Вызвалюся ад гэтых назаўжды - прыйдуць іншыя. Вызвалюся і ад іх. Каб толькі ня так доўга падбіраць словы, каб навучыцца пісаць хутка й дакладна - можна было б жыць. Ад аднаго стоса сапсаванай паперы да наступнага.
Тое, што я пішу, мне не патрэбна. Вам таксама. Можа вам цікава? Наўрад ці, бо ў вас сваіх думак легіён. Навошта вам яшчэ й чужыя? Напэўна, вам з вашымі думкамі складана, таксама як і мне.
Акт стварэньня прыносіць асалоду? Я ўжо забыў, што такое асалода ад слова. Крылышкуя золотописьмом тончайших жил… Талент. Але калі кожнае маё слова - толькі здагадка, а не сцьвярджэнне? Мой чытач, куды мы крочым разам?
Я ў адчаі. Здаецца, гэта тое, што трэба. Можа, хоць зараз напішу што-небудзь вартае?
Я не люблю знаёміцца з дзяўчынамі ў тралейбусах. Нам заўсёды выходзіць на розных прыпынках, а нават калі не, дык адразу пасля дзвярэй мы абавязкова разыходзімся ў розныя бакі. Гэта лёс, і я ніколі не спрабаваў нічога зрабіць з ім. Разумныя людзі не змагаюцца з лёсам. Я прымаю свой лёс такім, які ён ёсць.
Яна ўвайшла на "Ракеце", я адразу заўважыў яе. Яна прыцягальная. Рэзкія рысы твару і рудыя валасы; хутчэй за ўсё фарбаваныя. Яна час ад часу падымае на мяне вочы, але не падыйдзе да мяне, і я не крануся з месца. Ёсць паміж намі нешта, што робіць усё астатнее паміж намі немагчымым. Мы ж незнаёмыя. Гэта толькі размовы пра тое, што маладыя хутка сыходзяцца, яны мне ўжо надакучылі. Не магу. Не крануся.
Толькі калі яна першая…
- Привет.
Я не спяшаюся з адказам, а толькі гляджу ей у вочы. Потым кажу:
- Прывітанне.
І хутка дадаю, бо разумею, што яна шмат сілаў страціла на тое, каб пачаць. Што яна нярвуецца. Што калі зараз не зрабіць крок насустрач… Але так лёгка крочыць да таго, хто запрашае цябе! Я дадаю:
- Як цябе завуць?
Банальна, але што яшчэ спытаць у незнаёмай? Яе завуць Лена. А мяне - Паша.
- Паша, ты всегда говоришь по-белорусски?
Люблю гэтае пытанне і заўсёды яго чакаю, і не разумею тых, каго яно нярвуе. Не, я гутару па-беларуску не заўсёды, а толькі калі знаёмлюся з дзяўчынамі.
Яна усміхаецца. Яна ўжо даўно хоча размаўляць на мове, але нешта заўсёды перашкаджала ёй. Складана змагацца з тым, што знаходзіцца ўнутры цябе.
Так, хацеў сказаць я, я таксама адчуваю ўнутры сябе гэтае нешта. Гэта сцяна, гэта джала. Але я не сказаў.
Гэтая сцяна - гэта я сам.
За думкамі я не заўважыў, што ў размове ўзнікла няёмкая паўза. О, як яна пагражае нашаму крухкамі знаёмству! Яна паспяшалася спытаць, дзе я вучуся.
— Я буду журналістам.
Яна зноў усміхнулася: а зараз ты хто?
Так, ногі ды галава. І страўнік яшчэ баліць час ад часу, вымушае адчуваць сябе.
Ногі, галава ды страўнік? Няблага. Дык можа, яшчэ што-небудзь ёсць?
Гэта яна сказала па-беларуску. Так, людзі дапамагаюць адзін аднаму вырашаць і змяняцца. Але ці доўга працягнецца нашая размова?
- Колькі ты пажадаеш, - адказала яна, - я не спяшаюся. Я люблю грамадскі транспарт. Тут можна сустрэць цікавых людзей.
Хто ж ты такая? Ці не варта скончыць гэтую размову хутчэй, пакуль тралейбус яшчэ не павярнуў на Будзённага? У мяне ў запасе яшчэ ёсць колькі прыпынкаў, таму я працягваю:
- Адкуль жа ты ведаеш, што я цікавы чалавек?
Бо я ўпэўнены, што апошняя яе фраза адносілася да мяне.
Ты ж зусім не ведаеш мяне!
Яна маўчыць, бо маё пытанне гучыць як абвінавачванне. Ты схлусіла, я нецікавы. Я не прымаю шанцаў. Я не заслугоўваю… гэты шанец… ён не для мяне.
Яна маўчыць. Здаецца, яна разумее мяне, але што ты тут скажаш? Здаецца, яна гатовая адвярнуцца. Яна здаецца.
- Дзякуй за размову. Я пайду.
- Ідзі.
Я выходжу на Доўгабродскай, з нейкай палёгкай чую, як за спіной лязгаюць дзверы. Але наступная думка апракідвае мяне. Што я страціў? Я ж нешта страціў! Я азірнуўся і ўбачыў як твар у акне. Сумны, вельмі сумны твар. Я падыйшоў да лаўкі і сеў. І зноў зірнуў, але тралеўбус ужо заварачваў на Ванеева. Яна, здаецца, глядзела на мяне.
Я буду чакаць яе тут, пакуль гэты тралейбус не вернецца. Яна любіць тралейбусы. Яна абавязкова зробіць круг і прыедзе сюды. Яна здагадаецца.
Чалавек падыйшоў да лаўкі і падняў капялюш. Гэты капялюш доўга ляжаў насупраць мяне, але я не наважаўся ўзяць яго. І вось зараз прыйшоў чалавек, падняў капялюш. Апрануў яго. Задаволена ўсміхнуўся. Зірнуў на мяне. Чамусьці падыйшоў.
- Вы, напэўна, жадалі ўзаць гэты капялюш сабе? - Спытаў ён.
- Так, - адказаў я, - жадаў. Але прыйшлі вы.
Ён усміхнуўся і паглядзеў у неба. Цікавы чалавек. Я сядзеў на лаўке і гляздеў на яго знізу ўверх, а ён глядзеў на неба. Гэта працягвалася некалькі імгеннняў. Потым ён зноў зірнуў мне ў вочы.
- Калі ён падабаецца вам - бярыце.
Чалавек акуратна зняў капялюш, і яго валасы, адчуўшы волю, зайгралі з ветрам. Хутка не было нават следу ад капелюшу на галаве. Ён працягнуў капялюш мне, і я ўзяў яго. Апрануў.
Хораша. Цёпла.
Чалавек пайшоў, а я застаўся сядзець. Бо мне трэба было дачакацца.
Часам здараецца, што ты чакаеш кагосьці, але гэта патрэбна толькі табе. Вельмі патрэбна. Толькі табе. Яна прыйдзе, бо ты папрасіў яе. Ты прызначыў час і месца, таму яна прыйдзе. Яна прыйдзе — і ты будзеш гутарыць з ёй, але не яна з табой. Яна будзе слухаць, а можа нават і слухаць не будзе. Будзе проста глядзець на ліхтар ды вышэй, а вышэй — нічога не відаць.
Калі ты знаходзіш тую, што шукаў - гэта толькі паўсправы. Трэба яшчэ, каб яна знайшла цябе.
Знайсці мяне не складана. Здаецца, збіраецца навальніца, таму людзей навокал не шмат.
Толькі два дзядзькі сядзелі побач праз колькі лавак ад мяне, а зараз узняліся ды заспяшаліся. Мабыць, дадому. За імі пабеглі сабакі - праменад скончаны. І незнаёмец, які падараваў мне капялюш, знік.
Яна заўважыла мяне.
Хутка падыйшла ды сказала: "Хэлоў". Я адказаў, і яна села побач.
Паміж намі вельмі мала было вызначана дагэтуль. Мы проста сустракаліся, заўсёды я прасіў яе аб наступнай сустрэчы. Часам я заязджаў да яе. Мы доўга гутарылі, пілі гарбату. Яна смяялася, бо я жартаваў.
Але я ніколі не гаварыў ёй, што кахаю. Не ведаю, што яна думае пра мяне, а калі пытаюся, яна ніколі не адказвае. Я не упэўнены ў ёй, а таксама і ў сабе. Узгадваючы яе, я адчуваю цеплыню і лёгкасць, але адна думка пра тое, каб падзяліцца з ёй гэтым пачуццём, вяртае мне мой холад і кілаграмы. Я кахаю - гэта проста два словы. Але ад слова "Бог" пачалася зямля.
Ад гэтых слоў таксама нешта павінна пачацца. Я не ведаю, што.
Зараз яна загаварыла першая:
- Я стамілася.
- Трымай "Росинку".
- Дзякуй.
Яна робіць глыток і закручвае пробку. Потым гаворыць:
- Хутка дождж будзе. Трэба схавацца.
Дажджа я не баюся, нават жадаю яго. Мне вельмі цікава, як яна будзе паводзіць сябе, калі першыя кроплі ўпадуць у яе акуратную далонь.
- Мабыць, пранясе, - адказваю я, - вецер жа моцны. А каб і дождж…
Здавалася, яна ўжо хацела ўстаць, але мае словы спынілі яе рух. Зараз яна толькі глядзіць, бо сама не ў стане вырашыць, трэба хавацца, ці не. Таму і глядзіць, чакае што я ўстану і пайду. Але я не ўстану. Хіба гэта мужчынская справа - вырашаць?! Я пачакаю.
- Які прыгожы капялюш, - нарэшце гаворыць яна.
- Так, мне самому падабаецца. Адзін незнаёмы быў тут хвілін за пяць да цябе. Ён чамусьці аддаў мне гэты капялюш. Можа, яму быў малы.
Я зняў капялюш і падаў ёй. Яна павярцела яго ў руках, а потым апранула.
Яна ўзнялася з лаўкі.
- Ты жадаў бачыць мяне. А я жадала пагаварыць з табой.
Першы раз. І апошні. Нечаканасць. Так, яна ніколі не жадала бачыць мяне. Яе думкі ніколі не звярталіся да мяне, калі мяне не было побач. Нашыя адносіны - гэта цалкам я.
- Нашыя з табой адносіны працягваюцца толькі таму, што ты ўсё трываеш. Церпіш мяне. Дзе твая годнасць?
Мая годнасць… Калі б я абражаўся на цябе, калі б я не прасіў прабачэння… кожны раз… Хіба я размаўляў бы з табой сёння? А ўчора? Маё жыццё было б сумным без твайго голасу. Таму я не дазваляў сабе страціць яго - і ўсё.
- Ты ўсё трываеш… бо не паважаеш сябе. Не, не таму. Ты мяне не паважаеш. Ты не абражаешся, калі я цябе крыўджу. Ты чуеш толькі ўласныя думкі. Маё слова - нішто для цябе…
Як!
- Ты не ў стане ўзяць тое, што табе падабаецца. Ты заўсёды вытрымліваеш дыстанцыю. Ты толькі граеш нашымі адносінамі, каб у небяспечны момант адкінуць іх не шкадуючы, і пайсці далей. Ты думаеш, я не разумею, а?
- Я хвалююся за сваё сэрца…
- Ты хвалюешся за сваё сэрца?! Яно не належыць нікому, акрамя цябе.
Яна рэзкім рухам сарвала капялюш з галавы і кінула на лаўку. Потым паглядзела, адвярнулася і пайшла. Я ўзяў яго і ўзважыў у руцэ. Вельмі лёгкі. Неадчувальна лёгкі. Які ён… Я размахнуўся і кінуў капялюш у раку. Ён упаў на ваду разам з першымі кроплямі.
Неяк я прызвычаіўся ўсе свае няўдачы ў асабістым жыцці выкладаць на паперы. Калі няма патрэбнага слова, каб апісаць пачуцці, я шукаю іншае. Іншае слова пазначае іншую боль. Я разумею яе - разам са словам, якое прыходзіць у галаву. Гэтая боль ці мая - ці не. Я лепш разумею сябе, калі закрэсліваю напісанае не да месца і ўстаіляю ТОЕ слова. Тое, якое падказвае пакрыўджанае сэрца.
Але сэрца апошнім часам нешта не дачуць. Ці працягвае яно наогул біцца? Прыкладаю руку да грудзей. Маё сэрца занятае зараз. Яно б'ецца з пачуццямі. Колькі разоў я чуў, што кахаюць сэрцам, але… бачыце, маё сэрца б'ецца. Сёння маё сэрца не дасць скарыць сябе.
Я не ведаў, што ты ў горадзе. Ты набыла квіток. Ты прыйшла. Ты была ў глядацкай залі, у якую я таксама трапіў. Выпадкова. Дзякуй добраму дзядзьке Суперу, што прапусціў мяне. Я якраз прадчуваў наступны аповід пра тое, як забіў у сваім сэрцы каханне - але ўжо пасля таго, як пачуў адмову. Таму я збіраўся апісаць свае пакутлівыя хвіліны. Мне зараз зноў смешна ад сваіх слёз - боль хутка сыходзіць, калі не расчульваць сябе. Дзякуй богу, там, у залі, я не паспеў нават пачаць пісаць, бо ты кранула маю руку і павіталася.
Твой твар падаўся знаёмым, але я не пазнаў цябе. Ты зразумела і не стала мяне мучыць, а адразу назвалася.
Ксюша.
Мы ведаем адзін аднаго даўно. Мы пазнаёміліся, калі мне было пятнаццаць, а колькі табе тады было, я не ведаю. Там, дзе мы пазнаёміліся, было шмат дрэваў, кветак і птушак. Там была рака, а недалёка ад берага - некалькі намётаў. Я закахаўся ў тваю сяброўку, але потым вы разам з'ехалі. Пазней ты павіншавала мяне з Новым годам, я адказаў. Потым я забыў і тваю сяброўку, і цябе. Але ты помніла. Пазнала.
Мы стаялі там, дзе сустрэліся, у праходзе паміж крэсламі, пасярод залі. Мы абняліся - па-сяброўску, бо доўга не бачыліся і былі вельмі расчуленыя. Не, не таму. Мы абняліся. Бо раптам нешта памкнула мяне да цябе, і ты таксама зрабіла рух насустрач. Чаму так атрымалася?
Я не ведаю, але мы абняліся.
З гэтага пачынаецца новае.
Жыла адна дзяўчына, зусім непадобная да іншых людзей. Але чаго варта быць непадобнай, калі іншыя не заўважаюць гэтага?! "Прывітанне, як жывеш?" - "Да так…" - "Як так?" - "Як бачыш".
- "Дык не бачна ж!" Вам не бачна… Яе жыццё ператварылася ў пошук таго, хто зразумее яе своеасаблівасць. І вытрывае.
І знайшла! Фантазіі…
У жыцці звычайна ўсё наадврот.
Памерлі тры бабкі, адна на адну падобныя як тры кроплі вады. Памерлі, як усе паміраюць - гэта людзям зразумела. Што б ні казалі, смерць шмат прасцейшая за жыццё. Пра памерлых бабак людзі пыталі адзін аднаго: "А, гэта тыя бабкі памерлі?" - "Не, гэта не тыя, гэта іншыя."
Хутка пра бабак усё высветлілі. Потым іншыя бабкі аднеслі іх на могілкі і пахавалі.
А на месца хутка забыліся, хаця й паставілі крыжы.
Ісмаілаў прачнуўся, але яшчэ з хвіліну нічога не бачыў. Лыпаючы павекамі, ён узіраўся ў глыбіню цёмнага пакою. Было чуваць, як хтосьці дыхае на ложку побач; пакрысе з цемры з'явіліся абрысы цела пад коўдрай. Нехта спаў на другім ложку ў 424 нумары гатэля "Магілёў".
Увечары яго не было.
Ісмаілаў быў баксёр і нікога не баяўся. Крыху падумаўшы, ён зразумеў, што чалавек прыехаў уночы і яго проста падсялілі на вольны ложак. Прыўзняўшыся, Ісмаілаў пабачыў твар мужчыны і кароткія валасы незразумелага колеру. Чорная пляма на балюча белай падушцы. Нехта паварушыўся і зноў сціх.
Сон рабіў Ісмаілава безабаронным, але роўнае дыханне чужога заспакойвала. Баксёр павярнуўся да сценкі і заплюшчыў вочы, каб праз хвіліну забыць пра чужога. Ён спаў, пакуль раніца не прабілася праз павекі першымі промнямі сонца.
Вы пэўна здагадаліся, што гэта я спаў на другім ложку. Прыехаўшы ў горад па асабістых справах а трэцяй гадзіне раніцы, я паспяшаўся ў гасцініцу. Калі даведаўся, што давядзецца жыць у адным пакоі з кімсьці незнаёмым, крыху раззлаваўся на сябе, бо пашкадаваў рошай на люкс.
У горнічнай на паверсе спытаў: хто ён?
- Спартовец нейкі… Ісмаілаў. (Прозвішча яна падглядзела ў журнале). Я прайшоў у нумар і хутка заснуў.
Ісмаілаў збег некуды з самага рання. Прачнуўшыся, я ўбачыў ложак запраўленым. У пакоі ад яго не засталося ніводнай рэчы. Можа, ён з'ехаў?
- Не. - Гэта адказвае тая ж горнічная, падглядаючы ў свой журнал. - Ісмаілаў разам з іншымі баксёрамі пайшоў на нейкія спаборніцтвы. Яны ўжо трэці дзень ад самай раніцы збіраюцца разам і сыходзяць, а потым разам
вяртаюцца.
- Іх шмат?
- Шмат.
Баксёры з'явіліся пад вечар. У пакой увайшло пяцёра. Дзякуй Богу, мяне не было. Яны хутка агледзеліся, потым прыдвінулі стол да ложка Ісмаілава. На стале знайшлі пачак ралтону, якім я збіраўся павячэраць. Расселіся. Адзін дастаў бутэльку гарэлкі і некалькі пластыкавых стаканаў. Пачалі разліваць.
- Трэба, каб усім па сто, - сказаў Ісмаілаў, - і цяпнем.
Усім па сто не атрымалася. Вырашылі, што другую бутэльку абавязкова разальюць роўна, а пакуль выпілі. Закусілі сухімі макаронамі.
- Адкуль гэта? - жуючы, спытаўся ў Ісмаілава невысокі, бездакорна паголены хлопец.
- Нейкі мужык тут жыве. Мабыць, ён прынес.
- А ён, калі заўважыць, што мы з'елі, ён цябе як стукне!
Гэта семнаццацігадовы Ілля, малодшы брат Ісмаілава. Паўсярэдняя вага, усе дадзеныя.
- Стукне, калі смелы, а я тады адкажу. - Ісмаілаў палез у сумку па другую бутэльку. Усе сціхлі, бо ведалі, што будзе, калі Ісмаілаў знянацку адкажа. Ісмаілаў зноў пачаў разліваць.
Баксёры жылі па раскладзе. У годзе - дзень за днём. Увечары - бутэлька за бутэлькай. Не буду сцвярджаць, што так прасцей. Я так не думаю. У мяне не атрымаецца. Я жыву так, як прыйдзецца. Тады мне прыйшлося затрымацца, і я вяртаўся ў свой нумар пад самую раніцу.
Дзверы ў мой пакой былі адчыненыя. На яго ложку стаяла вялізная сумка - спартоўцы заўсёды цягаюць з сабой
такую. У яе змяшчаецца ўсё іх жыццё. Вельмі зручна.
Я пабачыў хлопца. У ім не было нічога вартага апісання. Магчыма, што нехта вельмі падобны на яго зараз знаходзіцца побач з вамі. Азірніцеся. Усміхніцеся яму, каб пазбавіцца ад яго погляда ў адказ.
Я ўсміхнуўся, і Ісмаілаў хутка адвёў вочы.
- Ад'язджаеце? - запытаўся я.
- Ну, - пахмурна адказаў ён.
І без таго было зразумела, што Ісмаілаў з'язджае. Але трэба было нешта запытацца. Збіраючы рэчы, ён рухаўся рэзка, па-баксёрску. Але час ад часу прыкладаў руку да галавы, зморшчваўся.
Я зняў туфлі і ўлёгся на свой ложак. Заплюшчыў вочы. Недзе далёка варушыўся Ісмаілаў. Хутка я дачуў, як пляснулі дзверы. Больш нішто не перашкаджала мне заснуць.
Я назіраю. Гляджу ў вакно. Потым вакол сябе.
І ты паназірай. Адарві свой погляд ад манітора, калі ласка, і азірніся. Ты бачыш?
Як пакрысе рухаецца сонца, змяняючы абрысы рэчаў у пакоі. Азірніся.
Хто зараз стаіць за тваёй спіной? А хто быў там пяць хвілін таму? Узгадай.
Як гавораць. Як рухаюцца губы. Якога колеру іхнія зубы? Ці шмат усміхаюцца? Азірніся.
Ці ёсць у цябе кішэні? А што там ляжыць? Зазірні.
Ці шмат за акном грузавікоў? Паглядзі.
Ты чуеш іх? Прыслухайся. Што гэта? Трэба паглядзець.
Хто з'явіўся там, на даху? Што ён збіраецца зрабіць? Хутка знайдзі свой бінокль, ён недзе блізка. Дакладна, у шафе, разам з іншымі закінутымі цацкамі. Паглядзі на дах.
Як трапеча лісце. Як плывуць аблокі. Як свеціць спачатку сонца, потым ліхтары, потым месяц.
Паназірай.
Як людзі сыходзяцца і разыходзяцца, вітаюцца і развітваюцца, што яны робяць яшчэ? Гэта цікава, абавязкова паглядзі.
Але ты ўсё чытаеш.
Адарвіся, нарэшце, я ж нічога не напісаў. Ты ўсё пабачыш, сябра, што бачу я, і шмат болей, калі табе пашанцуе. Толькі адарвіся ад манітора — і азірніся.
Hattiphnat (Павал Сьвярдлоў): Асэнсаванне сябе (цыкл кароткіх апавяданняў)
Зьмешчаны на палічцы Літары.