Юрка Гаўрук

Балада пра зоры
Раманс
Серэнада
Развітанне з самім сабой (паэма)
Паўночны агняцвет (верш)

Пераклады:
Г. У. Лангфела — Страла і песня
Г. Гейнэ — Ларэляй
Л. Украінка — Сон летняе ночы
Г. Эмін — Песня пра жураўля
А. Пушкін — Пасланне ў Сібір, Зімовы вечар

БАЛАДА ПРА ЗОРЫ

1

Ёсць цёплыя зоры, ўночы гараць
Пахмурныя душы яны весяляць.

Калі ўсё пад снегам і ў сэрцы зіма,
Калі ў цябе блізкага друга няма,

Каб выказаць гора, і слоў не стае,
І меркнуць прыгожыя вочы твае,

Калі табе нават не хочацца жыць, —
Не трэба, мой браце, не варта тужыць,

А выйдзі ў аснежаны сад уначы,
На цёплыя зоры глядзі і маўчы.

Я ведаў, я знаў аднаго юнака,
Найпершага ў нашым сяле спевака.

Прырода дала яму многае ў дар:
І голас, і сэрца, і розум, і твар.

Калі на вячорках кадрылі вялі,
Дзяўчаты к яму, як на бляск матылі;

Аб ім уздыхала і думала шмат,
Калі ён выходзіў увечары ў сад

І дзіўныя песні пра зоры спяваў, —
І многім дзяўчатам ён свет завязаў.

Але на адну паглядалі жвавей
Блакітныя вочы з-пад цёмных брывей,

І тым юнаком заўладала адна,
І з гэтай адной ён гуляў давідна.

Цвіце канюшына, красуе авёс,
І зоры ўзыходзяць на полі нябёс,

А ён, малады, маладую вядзе,
І цень іх прыгожы за імі ідзе.

Блакітныя вочы з-пад цёмных брывей
Блішчалі, як зоры. Спяваў салавей…

— Мой любы, калі ў мяне будзе сынок,
Ён мне нагадае цябе, Васілёк.

Мой любы, калі ў мяне будзе дачка,
Знайду ёй такога ж, як ты, Васілька.

— Марыя, Марыйка, уцеха мая! —
Звінелі іх словы пад спеў салаўя.

І шчасцв, як месяц, над імі плыло,
І ў месячным бляску драмала сяло.

2

Як раннія росы, мінаюць гады.
Аднойчы зайшоў я зімой на клады.

Быў сонечны дзень і вялікі мароз,
Бялелі маністы на шыях бяроз.

Я ўз'ехаў на лыжах. Старыя крыжы
Стаялі, схіліўшы набок капяжы.

Капцы, агароджы, капліца між дрэў…
І новенькі камень пад снегам чарнеў,

Там выбіта пара была галубоў,
На камені надпіс: «Згубіла любоў».

Задумаўся я, і даведаўся я:
«Марыя, Марыйка, уцеха мая!»

Зайздросны сусед тую дзеўку любіў
І ноччу ліхою з абрэза забіў.

Нахмурыўся вечар, заснула зямля…
І мне давялося сустрэць Васіля.

Найбольшага гора знікаюць сляды, —
Ён мала змяніўся, такі ж малады,

І толькі глядзелі крыху суравей
Блакітныя вочы з-пад цёмных брывей.

Ён выйшаў са мною ў аснежаны сад.
Тры зоркі на небе свяціліся ў рад.

На гэтыя зоркі ён ме паказаў,
Глядзеў на іх доўга і ціха сказаў:

— Калі ў цябе блізкага друга няма,
Калі ўсё пад снегам і ў сэрцы зіма,

Калі табе нават не хочацца жыць, —
Не трэба, мой браце, не варта тужыць.

Ёсць цёплыя зоры, гараць уначы.
На вечныя зоры глядзі і маўчы.

1946


РАМАНС

Навальнічнае, бліскавічнае
Хараство веснавых начэй!
Я гляджу на вас, таямнічныя,
Залатыя агні вачэй.

Ноч маёвая, ноч празрыстая
Мары светлыя нам нясе.
Палыхай, любоў мая чыстая,
У вясенняй сваёй красе!

Мары светлыя, чараўнічыя…
Палыхай жа, любоў, ярчэй!
Я гляджу на вас, таямнічыя,
Залатыя агні вачэй.

1960


СЕРЭНАДА

Чуеш лютні звон? —
Выйдзі, гэта я.
Выйдзі на балкон,
Любая мая.

Поўны светлых мар,
Я прыйшоў сюды.
Выглянуў з-за хмар
Месяц малады.

Вецярок прыціх,
Дрэмле пад ракой.
Дай мне шчасця міг,
Сэрца супакой.

Агнявых вачэй
Як не палюбіць!
Адчыні хутчэй,
Кроў мая кіпіць!

1964


РАЗВІТАННЕ З САМІМ САБОЙ

Паэма

Усё я страціў: волю і сям'ю,
Ніколі мне, ніколі не падняцца.
Апошнім словам смутак спавію,
Пара з самім сабою развітацца.

Была адна дачушка у мяне,
Маё дзіцятка, мілае дзіцятка;
Бывала, ў белым плацці па вясне
За ручку я вадзіў яе па кладках.

О колькі ў свеце гукаў і акрас!
Спявалі пеўні, куры сакаталі,
І сонца заглядалася на нас,
І яблыні пялёсткі асыпалі.

Гудзелі ў травах буйныя чмялі,
І чырванелі бэзавыя кісці.
Вялікая гармонія зямлі
Сустрэла нас прыветліва калісьці.

Акрайкі хмар агнямі зіхацяць,
На небе сінім праплываюць пухам…
Вялікую мелодыю жыцця,
Умыўшы душу, радасна я слухаў.

І верыў я, што справядлівы лёс,
Паслаўшы мне дачку, пашле і ўнучку,
І марыў я прайсці свой шлях без слёз,
Дзіця малое ведучы за ручку.

Але няма спакою на зямлі,
Мінае ўсё, імкнецца ўсё кудысьці:
Замоўклі ў травах буйныя чмялі,
Адчырванелі бэзавыя кісці.

Быў месяц люты, бушавала злосць,
Зіма сярдзіта снегам парушыла.
У хату увайшоў няжданы госць,
На вуліцы спынілася машина.

Дачка мяне кранула за рукаў:
— Куды ты, тата? Мне з табою можна?
Я ўзяў яе, абняў, пацалаваў
І апусціў да долу асцярожна.

Стагнала, выла бура за акном…
І некта ў шэрым паказаў паперку.
І выйшаў я і апусцеў наш дом:
Той дзень ліхі жыццё маё скаверкаў.

Няма, няма спакою на зямлі,
Хіба мо толькі п'янаму напіцца.
Калі мяне па горадзе вялі,
Гатоў быў я скрозь землю праваліцца.

I

Прырода круціць-верціць калясо,
Жывую сілу на тачыле точыць.
Любіў я лес, і вось у край лясоў
Жалезны конь прывёз мяне аднойчы.

Валіў я дрэвы, крыжаваў і сёк,
Дзесятнік быў са мною вельмі ласкаў.
У тым краі ад сцюжы чалавек
Нагамі тупаў і зубамі ляскаў.

— Гэй, хлопцы, забярыце мерцвяка!
Худое цела палажылі ў сані.
Па снегу валачылася рука,
І следам валачыліся мы самі.

Дзіравы неацеплены барак.
Лясные людзі каля печы труцца,
Падсушваюць авёс, пякуць бурак,
Як цені ў пекле, сварацца і б'юцца.

Халодная была мая пасцель.
Хацеў я спаць, а думы ў голаў лезлі:
Мне сніліся Рэмбрандт і Рафаэль,
І валасы мае к сцяне прымерзлі.

Я прахапіўся. Лямпачка гарыць.
Лясныя людзі труцца каля печы…
О, як жа галава мая баліць!
О, як жа тут смярдзеў дух чалавечы!

Нясуць уцеху — хлеба каравай.
У рэйку звоняць, трэба адзявацца.
— Развод, развод! Чаго стаіш, давай!
— Брыгада, шагам марш, е расцягацца!

II

Ахутаныя сіняю імглой,
Ішлі мы ўдаль, у казачныя нетры,
І снег рыпеў пад нашаю нагой,
Сузор'і стылі ў ледзяным паветры.

Няродная зямля, к табе прывык,
О будзь жа ты заўсёды дарагою!
На небе ў чоўне плаваў маладзік,
Прасторы серабрыліся тугою.

Як свечкі, елі белыя стаяць.
Каму вы, елі, моліцеся ўночы?
Хіба мо толькі ветры наляцяць
І ўспомняць вас і смутак ваш сірочы.

І паліняла ноч. Лес задрыжаў.
Дзесятнікі забегалі, як мышы…
Лес мёртвы, штабялёваны ляжаў,
А сонца паднімалася ўсё вышай.

Барвовае, крывавае… Ўзышло
І закацілася. Кастры дымелі…
Бярэцца месяц за сваё вясло,
І адпраўляюць паніхіду елі.

Працоўны дзень закнчан. Зморк і сон…
Мароз пачаў слабець. Сабака вые…
Іграе у начальства патэфон,
І кашляюць на вышках вартавыя.

III

Прырода павярнула калясо.
Настаў май месяц, забурлілі рэкі.
Спяваюць птушкі ў сотні галасоў,
У трох бараках дрэмлюць тры калекі.

Мы ўсе на сплаве. Зелянее луг,
І камары у лесе сталі лётаць.
Куды ні глянь, — вада. Сярод калюг
Цвіце палітурованая лотаць.

На біржы мітусня такая — страх,
Драўніны тут — не перабраць давеку.
Бярвёны коцяцца, бяруць размах
І з берага бабух-бабух у рэку…

Вынырваюць і плаўна мчацца ўдаль.
Увесь я мокры, пот з мяне ліецца.
Пад гоман хваль куе каня каваль,
К конь брыкаецца і не даецца.

Багор схапіўшы, як баец, бягу
Па беразе за стромаю вясенняй.
Хацеў я працай разагнаць тугу,
Ў змаганні адшукаць супакаенне.

На пераправе шырыцца затор,
Цясніцца дрэва, не знаходзіць ходу.
Народ — як звер. Яшчэ адзін напор —
І вырвалася дрэва на свабоду.

Я закурыў. Усё ва мне дрыжыць.
Душа была узбуджана вясною.
Няўжо мне прыйдзецца ў няволі жыць
І паміраць у лесе пад сасною?

IV

Ёсць каля рэчкі старадаўні млын.
На тым млыне паставілі антэну.
Там жыў ды пажываў радыст адзін
І слухаў там Маскву, Парыж і Вену.

Гнілое кола абляпіла твань;
Каля запруды рыба нерастуе;
І месяц вілавокі, нібы здань,
Пастух нябесны, цішыню вартуе.

Той млын стары алешнікам аброс:
Стаіць сцяна з зялёнымі зубцамі.
І гнецца непралазны вербалоз,
Камусьці грозіць пікамі-дубцамі.

І там, дзе к рэчцы падбягае гаць,
Гарбаты мост укленчыў на апорах,
І чорныя карчы з вады тырчаць,
І дрэмлюць ракі чорныя ў пячорах.

Вада са звонам падае ў латак,
Струменнем разліваецца празрыстым;
Шуміць, іграе, плешчацца рака…
Блішчыць акно ў кабіне у радыста.

Вада са звонам падае ў латак,
Б'е малаточкамі, нібы ў цымбалы…
Шуміць, іграе, плешчацца рака,
Чаруючы красою небывалай.

І дзверы адчыніліся у млын…
Калі душа жадала адпачынку,
Заходзіў я на некалькі хвілін
Праведаць друга і яго кабінку.

V

Мой прыяцель — пацешнік і дзівак,
Здаровы духам і на цела гладкі,
Стаяў над прымусам, як той вядзьмак,
І выпякаў ячменныя аладкі.

Яго пакой нагадваў арсенал.
Тэхнічных спраў аматар і цаніцель,
Ён паважаў прыроду і метал,
Прыёмнік меў і гучнагаварыцель.

— Мне сумна, Вася. Я к табе прыйшоў
Паслухаць радыё. Здарова, братка!
— Пастой, я фокус пакажу. Здароў! —
І з прымуса ляціць ка мне аладка.

Ён уключыў Маскву. О дзіва з дзіў!
Не трэба мне тваіх аладак, Вася.
Вялікі горад з намі гаварыў,
Мелодыя з паветра палілася.

VI

Даўно, даўно не быў я у Маскве,
Як сон мінулі радасныя годы:
Кахання першага чырвоны квет.
Агні Масквы гараць ва мне заўсёды.

Бы мільёны сонц, гараць агні,
Масква, як мора, ў электрычным бляску,
Як непаўторны сон, мінулі дні,
Калі я ведаў шчасце, ведаў ласку.

Адзеты чыста, лёгкі, малады,
Увечары ішоў я к ёй на Прэсню
У мілы дом, высокі дом, туды…
І слоў рады складаліся у песню.

Нібы у рай пераступаў парог.
— Ах, Жоржык, Жоржык, вы прыйшлі так рана.
Сваіх вачэй я адарваць не мог,
Яна садзілася за фартэпіяна.

Вясёлы Моцарт, урачысты Бах:
На белых клавішах танцуюць рукі.
Шапэнаўскія кволасць і журба
І акіян бетховенскае мукі.

VII

У хвалях музыкі лунае свет,
Без музыкі чарсцвеюць нашы душы.
Рыдае скрыпка, скардзіцца кларнет,
Але не кожнаму даюцца вушы.

У хвалях музыкі лунае свет…
Іграй, іграй жа радыё, над намі!
Кахання першага чырвоны квет
Гарыць ва мне маскоўскімі агнямі.

І я, не прадчуваючы бяды,
Ішоў увосень вечарам марозным
У мілы дом, высокі дом, туды…
— Ах, Жоржык, Жоржык, вы прыйшлі так позна.

— Ну дзе ж твае з ячменю пірагі?
Давай хутчэй тваю аладку, Вася! —
Дзяўчыну тую падабраў другі,
Любоў мая са мною засталася.

VIII

Прачнуўся лес, заварушыўся ліст,
Паблякла неба, блізіцца світанне.
Вада са звонам падае уніз,
І млын стары хаваецца ў тумане.

Расою пакрываецца трава.
Іду на мост, укалыханы ветрам.
О дзе ты, дзе ты, вобраз хараства,
Дзяўчына светлая ў адзенні светлым?

У прыказках і ў песнях праўда ёсць:
Глядзіш удаль, а доля пад нагою.
Так павялося і вядзецца скрозь:
Кахаў адну, вянчаешся з другою.

Багіня недаступнаю была,
Ў маскоўскім моры патанула знічкай.
Мая дзяўчына ў полі расцвіла.
Каханне узмацнялася прывычкай.

І быў парадак у сям'і у нас,
Яная, часінай добраю, бывала,
Калі ў ружовым небе вечар гас,
Мне песні беларускія спявала.

Румянак, незабудка, васілёк,
Мой сонечны, мой залацісты колас!
На ўсходзе воблакам чырвоным лёг,
Звініць-звініць твой, поўны скаргі, голас.

Не праклінай, не праклінай, я — твой,
К табе з туману прасціраю рукі.
Нахмурылася неба нада мной,
О горыч невыказная разлукі!

Пярун ударыў, наляцеў віхор,
Разбіў, раструшчыў, пакрышыў нам сэрцы.
Мне лёс, паслаў замест пяра тапор,
А беднай Тані жыць у паняверцы.

І не было ёй сну у тую ноч,
Траслася, калацілася ад плачу
І, страшная, з кругамі каля воч,
Назаўтра прынясла мне перадачу.

Румянак мой, блакітны васілёк,
Мая надзея і маё збавенне!
Вада цячэ са звонам пад масток,
Слязамі абмываючы каменне.

І я гляджу ў глыбокі, чорны вір,
Снуюцца думы чарадою дзікай…
Чаму так многа на зямлі крыві,
Так мала справядлівасці вялікай!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

І раптам азарылася зямля…
Няма ў душы ні болю, ні адчаю.
Табе да долу пакланюся я,
Слязамі радасці цябе страчаю.

6 мая 1945 г.
ст. Інта, Комі АССР


ПАЎНОЧНЫ АГНЯЦВЕТ

Палярны край. З блакітнага прадоння
Сышліся халады і даў мароз.
У дробных пушчах дрэва стыне, стоне,
А тундра дасягае да нябёс.

Цар-сухавей у злосці надзвычайнай
З усіх канцоў сюды сагнаў снягі.
І ноч лягла пахмурна і адчайна
На бела-ледзяныя берагі.

Бяжыць са свістам, распусціўшы косы,
Кабета ненавісная — пурга…
І раптам праясніліся нябёсы,
Спынілася ліхая мітульга.

І ў цішыні глыбокай і празрыстай
Закалыхаўся небывалы бляск,
І стужкай каляровай, прамяністай
Узвіўся над зямлёю і пагас.

І ноч расплюшчыла ў здзіўленні вочы,
Глядзіць на свет мільёнам вострых зор.
Паўстань, з'явіся, агняцвет паўночны!
І запалаў абуджаны прастор.

У буйным зіхаценні задрыжала
Усё, што ёсць і што было ўгары,
Нібы імшу хвалебную спраўляла
Прырода на высокім алтары.

То падымаўся дух зямлі пакутны
З халодных нетраў у бязмежны свет…
І доўга-доўга, як арган магутны,
Іграў у небе дзіўны агняцвет.

1946


Генры Уодсуарт Лангфела

(1807-1882)

СТРАЛА І ПЕСНЯ

Пусціў аднойчы я стралу —
Яна ўпала на зямлю;
Мне невядома, дзе лягла,
Якую даль крануць магла.

Стварыў аднойчы песню я,
Яе падслухала зямля;
Не знаю, трапіла куды;
Ці на сяло, ці ў гарады.

Гадоў праз дзесяць ці праз пяць
Стралу і песню стаў шукаць;
Знайшоў стралу сярод дуброў,
А песню ў сэрцы у сяброў.


Генрых Гейнэ

(1797-1856)

ЛАРЭЛЯЙ

Адкуль ён узяўся, не знаю,
Той сум, што мяне агарнуў.
Чамусьці я ўсё ўспамінаю
Даўнейшую казку адну.

Вільготай вячэрняю вее,
І дрэмле Рэйн стары,
На захадзе палымнее
Вяршыня крутой гары.

Сядзіць там, уся ў праменні,
Дзяўчына дзівоснай красы;
На ёй залатое адзенне,
Як жар, зіхацяць валасы.

Яна іх расчэсвае грэбнем,
Чароўную песню пяе.
І песняю тою да неба,
Да сэрца яна дастае.

На чоўне рыбак выплывае
У сцішную тую пару,
Ён больш ні на што не зважае,
А толькі глядзіць угару,

Прыгожае — недасяжна,
І шчасця у ім не шукай.
Загінеш, рыбак адважны,
Ад песні Ларэляй.


Леся Украінка

(1871-1913)

СОН ЛЕТНЯЕ НОЧЫ

Сон летняе ночы калісьці мне сніўся,
Кароткаю летняя ночка была.
І сон быў кароткі, — ён хутка змяніўся
І знік, калі ў небе зара расцвіла.

Не знаю, не помню, калі я заснула,
Шапталіся дрэвы за сінім акном…
Чароўная мара мяне агарнула,
Нязнанае шчасце накрыла крылом.

Была я шчаслівай, бязмерна шчаслівай, —
О радасць хвіліны, душы маладосць!..
Няма такой мовы на свеце праўдзівай,
Каб выказаць шчасце, калі яно ёсць!

Кароткі быў сон мой. Як ранняя зорка,
Пагасла ружовая мара мая,
Спускалася ноч у нізіну з узгорка,
Пры першым світанні прачнулася я.

Ясноты нябёс над зямлёй палыхалі,
Пра шчасце шумеў за акном маім сад.
І вусны мае яшчэ доўга шапталі:
«Сон летняе ночы, вярніся назад!»

Няма ў мяне шчасця, збавення ня бачу,
Бо мары аб іншым у сэрцы нашу;
Парой, зажурыўшыся, горка заплачу,
Але я нічога сабе не прашу.

Хай будуць шчаслівымі іншыя людзі,
Жыццё мне патрэбна, жыццё, а не сны,
Бо, хто абудзіўся, шчаслівым не будзе, —
Справадзіўшы лета, не вернеш вясны.


Геворг Эмін

ПЕСНЯ ПРА ЖУРАЎЛЯ

Ты на чужыну на крылах нёс
Попел Арменіі,
Вочы твае, поўныя слёз,
Крыўду струменілі.

Скардзіўся ты: «Навек, навек!
Больш не вярнуся я.
Там на радзіме стогны і здзек,
Дзе прытулюся я?

Знішчыў жыццё дзікі разбой,
Лютасць султанская.
Плача, сумуе разам са мной
Доля армянская».

Бачыў ты бежанцаў чараду —
Людзі убогія.
Неслі ў выгнанне сваю бяду
Многія, многія.

Бачыў пажараў чорны ланцуг
Дыму крывавага,
І не пачуў ты нідзе, мой друг,
Слова ласкавага.

Толькі ніяк з любоўю сваёй
Ён не разлучыцца:
«Лепш у магіле знайсці спакой,
Чым вечна мучыцца».

І прыляцеў дадому жураў:
Скрозь — сёлы новыя;
Там дзе мёртвы камень ляжаў,
Кветкі пунсовыя.

І за Араксам сам Арарат
Дзівіцца, ўражаны,
Хоча наведаць цудоўны сад,
Намі пасаджаны.

Дружа, да нас ты сюды прынёс
Боль сэрца чулага,
Вільгаць вандроўніцкіх ціхіх слёз,
Горыч мінулага.

Ты для братоў каласоў нарві
З поля пшанічнага
І перадай ім, як знак любві,
Шчасця нязвычнага.

Ты ў Аракса вады папрасі
Горнай, халоднае.
Жменьку зямлі братам занясі
Нашае роднае.

Кліч і вядзі іх сюды з сабой
З дальняга выраю.
Будзем мы жыць адзінай сям'ёй,
Дружнаю, шчыраю.

Вам усміхнецца маці-зямля
Сонечнай раніцай,
Болей не будуць зваць жураўля
Птушкай-выгнанніцай.


Аляксандр Пушкін

(1799-1837)

ПАСЛАННЕ Ў СІБІР

У глыбіні сібірскіх руд
Гартуйце гордае цярпенне:
Не згіне плён цяжкіх пакут
І дум высокае імкненне.

Няшчасця верная сястра,
Надзея у капальні мглістай
Вам будзе зоркай прамяністай,
Настане лепшая пара:

Гарачая любоў да вас
Шлях знойдзе праз лясы і горы,
Як вашы катаржныя норы
Знаходзіць вольны мой наказ.

Аковы цяжкія спадуць,
З цямніц адкрыецца дарога,
Вас воля стрэне ля парога,
І меч браты вам аддадуць.

ЗІМОВЫ ВЕЧАР

Бура мглою неба крые,
Віхры снежныя ляцяць;
То, як звер, яна завые,
То заплача, як дзіця.

То саломаю трывожна
На страсе зашамаціць,
То як позні падарожны,
У акно загрукаціць.

Наша хатка невяліка,
Непрытульна, цёмна ў ёй.
Што, старэнькая, панікла,
Агарнулася журбой?

Ці стамілася, мой дружа,
Слухаць буру уначы?
Ціўздрымнула ты, нядужа,
белу нітку прадучы?

Вып'ем, любая галубка, —
Што ўздыхаць і слёзы ліць!
Вып'ем з гора, дай мне кубка,
Сэрца будзем весяліць.

Заспявай мне, як сініца
Ціха ў выраі жыла,
Як дзяўчыа па вадзіцу
Рана-раненька ішла.

Бура мглою неба крые,
Віхры снежныя ляцяць;
То, як звер, яна завые,
То заплача, як дзіця.

Вып'ем, любая галубка, —
Што ўздыхаць і слёзы ліць!
Вып'ем з гора, дай мне кубка,
Сэрца будзем весяліць.


Гаўрук Ю. Узвіхраны ветразь: Вершы, паэма, пераклады / Уклад. Т.М.Мытнік; Прадм. Н.С.Гілевіча; Мастак М.С.Будавей. — Мн.: Маст. літ., 1990 — 142 с.


Pago de Zmitro Lapcionak

Dato: 30 junio 2003.