Выбраныя вершы з кнігі: «Белы сон», неўзабаве зьявіцца на Палічцы.
Песьні на гэтыя вершы цудоўна выконвае гурт «Белы сон» зь Беласточчыны, можна паслухаць mp3 з Радыёкропкі.
Адплывалі няўплынна ў вечнасць дзеі быцця.
Гадавала жанчына каля сэрца дзіця.
Спавівала пяшчотай, сагравала дабром,
шчырых думах палётам, што плылі з малаком.
Вырас любы саколік - дрэнны людзям дакор.
Ясным чубам да столі, шчырым сэрцам да зор.
Сны юнацкія сняцца, боль душу закрануў.
- Не сумуй, мая маці, што пакінуў адну.
Твае вочы - світанне, твае рукі - цяпло.
Без цябе ні кахання, ні жыцця б не было.
Але мне, маладому, што ля рук тваіх рос,
захацелася грому з недасяжных нябёс.
А мяне, мусіць, з гора
нарадзіла зямля,
толькі ціхай пакоры
ў сэрца мне уліла.
Ноч, як подых хаўтурны,
нат зара не ўзышла,
не з прамення, а з буры,
мусіць выйшла душа.
Сонца на небасхіле.
Кружыць птах над зямлёй.
Ён пазычыў мне крылле
і паклікаў з сабой.
Крылле — скарб не багаты.
Ўзлётаў не падзяліць.
Не хапіла зярнятаў,
каб усіх накарміць.
Толькі песень хапіла,
каб хтось духам акрэп.
Пэўна, ў песьнях ёсць сіла.
Пэўна, ў песьнях ёсць хлеб.