Выбраныя вершы з кнігі:
«Бігослаўскі паром».
Зборнік паэзіі. Мн.: Мастацкая літаратура. 1994 г.
Падрабязьней пра аўтара: Сушко Пятро Паўлавіч
На спатканне бягу
І так
Непакоюся:
Мой харошы
Новы
Зноў апране пінжак,
А ў старым
Застануцца грошы.
Свішча ў кусціках салавей,
Мне б паслухаць той свіст,
Ды толькі
Думка круціцца ў галаве:
"У мілога ў кішэні
Колькі?"
Хоча мілы мяне абняць,
Я ж
У прыцемку вечаровым
Не магу аніяк пазнаць,
У старым ён прыбег
Ці ў новым.
За крысо я яго - скубель!
І прыціхла ўся
Ва ўзрушэнні:
Штосьці шаснула,
Як рубель,
У яго бакавой кішэні.
Сарамлівая,
Растрывожаная,
Я шапнула:
- Купі марожанае.
Ветрык свавольны з блізкай ракі,
Белы матыль над пракосам зялёным,
Торбачка зрэбная,
Два агуркі,
Хлеба акрайчык,
Сала салёнае.
Вузкае поле вострай касы,
Рук загарэлых
Пяшчота прыемная,
Мілыя вочы славянскай красы,
Стог на дваіх
І каханне ўзаемнае.