Ручнікі
Летуценніца
Вочы
Пралеска
!!!!!!!!!! TODO !!!!!!!! Сны
Дваццаць год
*** Усё ў жыцці здаецца проста
Першы снег
*** Слёзы, слёзы, слёзанькі!
*** А можа…
*** Вам пісьмы пісаць не буду…
У суботу Янка ехаў ля ракi,
Пад вярбой Алёна мыла ручнiкi.
"Пакажы, Алёна, броды земляку,
дзе тут пераехаць на канi раку?"
"Адчапiся, хлопец, едзь абы-куды,
не муцi мне толькi чыстае вады!"
У маркоце Янка галавой панiк,
упусцiла дзеўка беленькi ручнiк.
"Янка, мой саколiк, памажы хутчэй!
Бо плыве, знiкае ручнiчок з вачэй!"
"Любая Алёна, я ж вады баюсь!
Пацалуй спачатку — што як утаплюсь!"
Супынiўся гнеды пад вярбой густой.
Цалавала Янку Лена над ракой.
Стала цiха-цiха на усёй зямлi,
па рацэ далёка ручнiкi плылi...
Al rivero Janko rajdis en sabat’.
Vidis li Aljonan ĉe tolaĵlavad’.
"Diru do, Aljona, helpu en afer’,
kie eblas vadi rajde en river’?"
"Ne malhelpu, — ŝi nur diris kun koler’.
"Vi ne malpurigu akvon en river’!"
Janko sian kapon klinis pro ĉagren’,
ve, subite falis tuk’ el manoj, jen!
"Janko, ho karulo, helpu do al mi!
Mi ellasis tukon, jen-jen naĝas ĝi!"
"Mi en akvo dronos, mia karulin’!
Antaŭ mia morto do ekkisu min!"
La ĉevalo staras sub salik’ ĉe l’ bord’,
kaj la knabon kisas la knabin’ kun fort’.
Regas nun silento, batas nur la kor’,
Naĝas en rivero blankaj tukoj for...
(tradukis Valentin Melnikov)
Ці забыўся ты на маленькую
Летуценніцу маладзенькую,
Ці сустрэчы з ёй помніш першыя?
Несла ўсё табе разам з вершамі:
Постаць тонкую, рукі гнуткія,
Вочы шэрыя, рухі хуткія —
Ці забыўся ты?
Ёй шаснаццаць год ледзь было тады,
А табе ужо — ой, ляцяць гады!
Як адзін ты быў — ўсё тужыў па ёй,
Белай козачкай называў сваёй.
І жыцця табе без яе няма,
І бяжыць яна да цябе сама,
Бо шаснаццаць год…
Ці любіў жа ты яе, чыстую,
З касой доўгаю, залацістаю,
Што кахалася чырванеючы,
Цалавалася не умеючы,
Нібы ластаўка палахлівая,
То вясёлая, то маўклівая…
Ці любіў жа ты?..
Колькі год прайшло, снегам выпала,
Галаву тваю ўсю абсыпала,
Сходзіш вуліцы, сходзіш далечы,
Тую ластаўку выглядаючы, —
Толькі помніцца ўсё маленькая,
Сарамлівая, маладзенькая
Летуценніца.
Кожны вечар бачу столькі
Розных позіркаў, вачэй.
Ды адны хвалююць толькі,
Толькі б іх сустрэць хутчэй!
Я за смехам і гаворкай,
Сярод жартаў, слоў сваіх
Адчуваю з сумам горкім
Задуменны позірк іх.
І калі ні азірнуся —
Бачу ў тых вачах тугу.
І глядзець у іх баюся,
І не глянуць не магу.
Што зрабіла ім, не знаю…
Чым пакрыўдзіла я іх?..
За сябе ў пару кахаю,
А пакуты — за дваіх.
Белыя бярозы
Спалі на узлеску,
Як сваю галоўку
Узняла пралеска.
Тоненькую ножку
З-пад пярыны белай
На зямлю пралеска
Ставіла нясмела.
А снягі наўкола —
Ні канца ні краю,
Страшна стала кветцы:
«Я адна — жывая!»
Кажа зверху сонца:
«Зорачка лясная,
З новым нараджэннем
Я цябе вітаю!»
Белыя бярозы
Разам зашапталі:
«Мы цябе, пралеска
Ўсю зіму чакалі».
І старая елка
Голасна ўздыхнула:
«Лета надыходзіць,
А зіма мінула».
Дваццаць год!
Дваццаць год!
Гэтак мала?
Што наперадзе!
Што яшчэ будзе!
Самалёт.
Параход.
Сніцца мама,
А вакол
незнаёмыя людзі.
Дваццаць год!
Дваццаць год!
Гэтак многа?
Дзе згубіліся
вы,
летуценні?
У высокай траве
за дарогай
Па-дзіцячаму
плачу ў калені.
Дваццаць год!
Усё проста і ясна.
Дваццаць год —
вось калі
не асудзяць…
Дваццаць год —
незабыўная казка,
А праз год
гэтай казкі
не будзе.
Усё ў жыцці здаецца проста,
На ўсё вы знойдзеце прычыны.
Як гэта цяжка быць дарослай,
Як гэта цяжка быць жанчынай.
Насустрач плёткам і абразам
Пранесці горда твар прыгожы,
Затое быць з каханым разам,
І ў гэтым толькі шчасце, можа.
А потым старасць, потым восень,
Хаваеш першыя маршчыны.
Хоць уваччу ўсё тая ж просінь,
Ды сэрца ные без прычыны.
Дачка сама адрэжа косы,
І рассказаць ёй немагчыма,
Як будзе цяжка жыць дарослай,
І ў колькі раз цяжэй — жанчынай.
Першы снег у Маскве, першы снег,
Бестурботны і лёгкі, як смех,
На зямлі, ну куды ні зірні —
Толькі снег, белы снег і агні.
І такая вакол чысціня.
І такая вакол цішыня,
Што няма раўнадушных людзей —
Выпаў снег, белы снег надзей.
Я люблю гэты снег, як траву,
Як прыбраную ў свята Маскву,
Прыгарнуўшы тваю галаву,
Першы снег — гэты сон назаву.
Застануцца мае сляды,
Каб вярнулася зноў сюды.
І, адзіны са светлых уцех,
Валіць снег, першы снег, добры снег.
Слёзы, слёзы, слёзанькі!
Божая раса.
Ці збярэш ты, божанька,
Тыя слёзы сам?
Колькі я праплакала
Ў раннюю пару!
Высахла, як макаўка.
Думала: памру.
Толькі б не уведаў ён,
Адвяду душу.
Не засну, не снедаю.
Сяду — галашу.
Так ён не даведаўся,
Так ён не пачуў…
Загасіў, не гледзячы,
Шчасце, як свячу.
А можа, —
сама не здзіўлюся
(Ну што ў свеце нязменна?) —
І я з сям'ёю ўжывуся
У чатырох сценах.
Буду варыць абеды
У дождж
і зімовую сцюжу,
Забыўшыся
на свае беды:
Ёсць беды мужа.
І будуць знаёмыя рады,
А маці ім не нахваліцца:
Усёй сям'ёй слухаем радыё —
Перадачу
«Добрай раніцы».
— Ах Вера!
Якая Вера? —
Ніхто ўжо мне не паверыць,
І ты —
што цябе любіла
І ледзь абаіх не згубіла,
Што бегла на рэйкі,
на поезд,
У нейкі далёкі горад…
Тапіце ж мяне,
тапіце
Ў здаровым мяшчанскім быце!..
Ніколі сама не здзіўлюся.
Ну што ў свеце нязменна?
Змянюся і я…
Пасмяюся
З новай сваёй перамены.
Вам пісьмы пісаць не буду —
Чытайце вершы мае.
На пісьмы не хопіць мужнасці
І часу так не стае.
У пісьмах больш афіцыйнасці,
А значыць, менш пачуцця,
У пісьмах баюся пільнасці,
Старонняга выкрыцця.
Відаць, на вяку адмерана
Каханне маё бядой,
На пісьмы не хопіць вернасці
Ў мяне, такой маладой.
А вершы лёгка складаюцца
У самы кароткі час,
А вершы ў свет дасылаюцца
Нібыта зусім не для вас.
Дык будзьце ж у строгай важнасці
Да шчырасці ласкавей.
Чакайце, чытайце ўважліва,
Як пісьмы, вершы мае.
Вярба В. Выбранае. — Мн.: Маст. літ., 1976 — 247 с.